Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 3

Мыйв Бінчы

Эйдан хацеў бы быць больш пільным. Калі ж гэта пачалося … тая адасобленасьць, што іх паглынае? Быў жа час, калі дзяўчынкі сядзелі, такія чысьцюткія і зіхатлівыя пасьля ванны, у сваіх ружовых кашульках, а ён распавядаў ім розныя прыгоды, і Нэл з задавальненьнем пазірала на іх праз пакой. Але то было гады таму. Добрыя моманты здараліся і потым. Калі яны рыхтаваліся да іспытаў, напрыклад, Эйдан правяраў іх запісы, дапамагаў вывучыць усё найлепшым чынам. Тады іх падзяка сагравала яго. Ён памятаў, якое ў іх сям'і было сьвята, калі Гранія атрымала Выпускное Пасьведчаньне, і пасьля, калі яна аформілася на працу ў банк. Па такім выпадку яны зладзілі абед у вялікай рэстарацыі, афіцыянт сфатаграфаваў іх усіх разам. Гэтак жа было з Брыджэт. І абед, і фатаздымак. На тых здымках яны выглядалі цалкам шчасьлівай сям'ёй. Няўжо ўсё гэта было толькі ўяўнасьцю?

У пэўнай ступені, магчыма, так, бо зараз, усяго праз некалькі год, ён ня мог сесьці побач з жонкай і дачкамі, людзьмі, якіх любіў больш за ўсё ў сьвеце, і распавесьці ім аб сваіх жахах, аб тым, што пост Дырэктара можа сысьці ад яго.

Ён гэтулькі часу і душы ўклаў у тую школу, гэтулькі гадзін адрабіў звышвызначана, дбаў аб кожнай дробязі, і ўсё ж, дзесьці ў глыбіні, адчуваў — Дырэктарам яму ня стаць.

Іншы чалавек, чалавек амаль адных зь ім год, суцэль можа атрымаць бажаную пасаду. Тоні А’Брайн, які ані разу не затрымаўся, каб падбадзёрыць школьную каманду падчас матчу, не ўнікае у рэструктурызацыю навучальнага пляну, у збор сродкаў на праект новага будынка, бессаромна паліць у школьных калідорах, дзе паліць забаронена, абедае у пабе, ня утойваючы, што ягоны абед складаюць паўтары пінты піва і лусьцік з сырам … Халасьцяк, чалавек, які і не мяркуе аб стварэньні сям'і, якога часьцяком бачаць пад ручку зь дзеўчынамі ўдвая маладзей за яго. І аб ім ідзе гаворка як аб магчымым кандыдаце на пасаду кіраўніка школы!

Шмат што апошнім часам выклікала ў Эйдана сум, але ўсё ж ня так значна. Па любых стандартах кандыдатура Тоні А’Брайна наогул не павінна разглядацца. Ужо зразумела, сьвет не настолькі здурнеў, каб яны не прынялі гэта да ўвагі, выбіраючы дырэктара? Эйдан правёў далонямі па сваіх парадзелых валасах. У Тоні А’Брайна, вядома, шыкоўная шавялюра густых каштанавых валасоў, што падаюць яму ў вочы і спачываюць на ягоным каўнерыку.

Шмат воласу — добра, рэдкія валасы — дрэнна … Эйдан усьміхнуўся самому сабе. Калі ён здольны сьмяяцца над сваімі комплексамі, ён, магчыма, здолее захаваць самавалоданьне ў бязвыйсьцевым становішчы і будзе працягваць падсьмейвацца над сабою. Усё роўна іншых падстаў для сьмеху ў гэтыя дні няма.