Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 250

Мыйв Бінчы

— Вядома, Лу, але гэта ня мае значэньня. — Сьюзі не жадала варушыць мінулае. Тут і абмяркоўваць няма чаго, і ўсё ж часам Лу з прыкметнай нудой раняў некалькі слоў аб тым, наколькі лягчэй бы ім жылася, ня будзь яна такой сумленнай.

— Маеш на ўвазе крадзеныя крэдытныя карткі? — зацікаўлена спытаў Біл.

— Нічога падобнага, чыста сяброўскія ласкі. Хтосьці робіць ласку і атрымлівае абед, ці вялікую ласку і шмат абедаў альбо машыну. Прасьцей простага.

— Трэба зрабіць безьліч ласак, каб атрымаць машыну, — выказала здагадку Лізі.

— І так, і не. Не абавязкова рабіць шмат, досыць быць надзейным. Бадай, менавіта на гэта разьлічваюць людзі, робячы ўзаемныя ласкі.

Усе кіўнулі, зьбянтэжаныя. Часам Сьюзі пільна разглядала свой вялізны смарагд. Гэтулькі людзей пераконвалі яе ў сапраўднасьці каменя, што яна паволі пачала задумвацца, ці не зьяўляецца ён вынікам вялізнай ласкі, якую Лу аказаў камусьці. Пазнаць яго кошт не складае напругі. Але тады высьветліцца зашмат. Лепш заставацца ў недасьведчанасьці.

— Вось бы нехта папытаў нас аб ласцы, — летуценна працягнула Лізі, зіркаючы на рэстарацыі. Там ад століка да століка крочылі музыкі, прадаўцы кветак прапаноўвалі наведвальнікам ружы на доўгіх сьцеблах.

— Лепей заплюшчы вочы, Элізабэт, — са сьмехам прапанаваў Лу.

У гэты момант за найблізкім да дарогі столікам ускочылі на ногі мужчына і жанчына. Кабета ляснула мужчыну па твары. Мужчына выхапіў у яе торбу і перамахнуў праз невысокі плот.

У адно імгненьне Лу злавіў яго, рэзка заламаў за сьпіну адну руку, іншую, з выкрадзенай торбай, падняў для ўсеагульнага агляду. Потым скрозь натоўп даставіў яго нацянькі да ўладальніцы торбы.

Распачаліся экспансіўныя тлумачэньні на італьянскай мове, у выніку якіх прыбыў вэн з carabinieri, а ўсеагульнае хваляваньне яшчэ ўзрасло. Яны так і не дабралі розуму ў здарэньні. Амэрыканцы непадалёк меркавалі, што жанчына пасварылася з суцянёрам. Нейкія ангельцы сьцьвярджалі, што гэта быў прыяцель жанчыны, які мае патрэбу ў ратаваньні ад прыхільнасьці да наркотыкаў. Француская пара настойвала, што мела месца сварка паміж каханкамі, але мужчыну ткі трэба было выправіць у паліцыю.

Лу з сваімі сябрамі апынуўся героем гадзіны. Жанчына прапанавала яму ўзнагароду. Лу хуценька трансфармаваў яе ў абед на чацьвярых. Гэта цалкам ўсіх задаволіла.

— Con vino, si e possibile? — дадаў Лу. Яны ўпіліся да страты пульсу і змушаныя былі вяртацца на таксоўке.

— Што за чудоўны адвячорак, у жыччі ня бавіла час лепш, — прамармытала Лізі, двойчы зваліўшыся, перш як ёй атрымалася ўзгрувасьціцца ў таксоўку.

— Галоўнае не выпускаць шанец, — адгукнуўся Лу.

Коні разглядала публіку ў піцэрыі. У асноўным моладзь, аднагодкі яе дзяцей. Вясёлыя, жвавыя, перабіваюць адно аднаго, рагочуць. Няхай гэта апынецца апошнім месцам, якое яна ўбачыць. Няхай нават усё праўда і хтосьці, пакінуўшы пужальную цыдулку ў гатэлі, крадзецца за ёй па пятах. Але ня могуць жа яе забіць тут, ва ўсіх на вачах? Гэта немагчыма. А як яшчэ растлумачыць ліст? Ён па-ранейшаму ў яе кішэні. Можа, цыдулку ёй напісалі проста так, прыстрашыць як сьлед? Пасланьне можа быць ад Гары, або ад аднаго зь яго паплечнікаў, як ён іх заўсёды зваў. Ён звар'яцеў? Або жадае яе зьвесьці з глузду? Коні бачыла такі фільм. Нельга паддавацца.