Читать «Вечаровы кляс» онлайн - страница 249

Мыйв Бінчы

Праз некалькі вуліц ад яе Эйдан Данн сядзеў за куфлям піва, спрабуючы абмеркаваць усе дадатныя бакі тага падарожжа. Ён зладзіўся з стварэньнем кляса, што ня толькі праіснаваў год, але ўрэшце ў поўным складзе адправіўся ў Рым. Безь яго гэтыя людзі ніколі бы не зрабілі нічога падобнага. Ён падзяліў зь імі сваю любоў да Італіі, сёньня падчас лекцыі ніхто не нудзіўся. Ён ажыцьцявіў усё задуманае. Па сутнасьці, гэта быў год трыюмфу. Але гучаў у яго душы і іншы голас, голас, што адносіў усе тыя заслугі на Норын кошт. Іх запал яе рук справа, зь яе сьмешнымі гульнямі і яе скрынкамі, што ператвараюцца ў лякарню, у вакзал, у рэстарацыю. Гэта Нора дала ім фацэтныя імёны і ўпэўненасьць у тым, што ў адзін выдатны дзень яны выправяцца ў viaggio. А зараз магія Італіі занадта моцна падзейнічала на яе.

Ёй трэба пагаварыць аб справе, сказала яна яму. Якая справа можа ў яе быць з сыцылійскім стольнікам, нават калі яна ведала яго з маленства? Ён, нават не прымячаючы, замовіў сабе трэці куфель. Вакол яго ў сьпякотнай рымскай начы шпацыравалі натоўпы людзей. Ніколі ў жыцьці не адчуваў ён сябе так самотна.

Кэці і Фрэн памкнуліся на шпацыр. Яны сплянавалі маршрут да Piazza Navona, куды хадзілі ў першы вечар. Ці не жадае Лапік скласьці ім кампанію?

Лапік вывучыў маршрут. Ён праходзіў па вуліцы, дзе жылі яго сябры Гаралдзі. — Захадзіць мы ня станем, — сказаў Лапік, — але я здолею паказаць вам камяніцу.

Гледзішча ашаламіла Фрэн і Кэці.

— Не маглі нас запрасіць на вечарыну ў такі палац, — выгукнула Кэці.

— Giovedi, — ганарліва заявіў Лапік. — Вось пабачыце, у чацьвер. Ён захацеў усіх нас, сорак два чалавека. Я сказаў яму quarantadue, але ён сказаў si, si, benissimo.

Адным цудам болей у гэтай вандроўцы.

Коні чакала Сыньёру, каб перадаць ёй інфармацыю і падрыхтаваную неспадзеўку. Але тая не вярнулася да сутоньня. З вакна даносіліся зрыўкі гутарак. Людзі, ідучы па вуліцы, гукалі адно аднаго, зьвінелі нажы ў найблізкай рэстарацыі, шумела вечаровая плынь машын. Коні вырашыла, што не дазволіць таемнаму, брыдкаму аўтару цыдулкі замкнуць яе ў чатырох сьценах. Хто бы то ні быў, ён ня стане забіваць яе ў людным месцы. Нават калі яго даслаў Гары.

— Трасца яго бяры, калі я праседжу тут увесь вечар, ён пераможа, — сказала Коні ўслых. Яна прайшлася да піцэрыі, што разьмясьцілася на маставой на рагу і адшукала там вольны столік. Быццам ніхто не сачыў за ёй ад дзьвярэй гатэлю Франкабола.

Лу і Сьюзі шпацыравалі за ракой, у Траставэры. Яны абышлі разам зь Білам і Лізі маленькі пляц, але, як і папярэджвала Сыньёра, рэстарацыі апынуліся для іх задарагія. Як выдатна, што яны вывучылі ўсё наконт piatto del giorno, і прылаўчыліся лічыць у італьянскіх лірах, замест таго, каб бясконца перакладаць іх на ірляндзкія грошы.

— Трэба было пакінуць некалькі канапак, — сумна ўздыхнула Лізі.

— Гэтыя рэстарацыі нам не па кішэні, — па-філязофскі зазначыла Сьюзі.

— Усё гэта несумленна, — заявіў Лу. — Большасьць гэтых людзей шустрыць, таму яны могуць сабе такое дазволіць. Ужо дайце мне веры.