Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 6

Стэндаль

Ваніна не сумнявалася, што для Пьетра будзе найвялікшым шчасцем назаўжды застацца з ёю: ён на самой справе падаваўся цалкам шчаслівым. Але злы жарт генерала Банапарта горкім папрокам гучаў у душы гэтага юнака і ўплываў на яго стаўленне да жанчын. У 1796 годзе, калі генерал Банапарт пакідаў Брэшыю, гарадскія ўлады, якія праважалі яго да заставы, сказалі яму, што жыхары Брэшыі паважаюць свабоду болей за ўсіх астатніх італьянцаў.

«Так, — адказаў ён, — ім падабаецца размаўляць аб ёй са сваімі каханымі».

Пьетра неяк збянтэжана сказаў Ваніне:

— Сёння з наступленнем змроку мне трэба выбрацца адсюль.

— Пастарайся, калі ласка, вярнуцца давідна. Я буду чакаць цябе.

— Досвіткам я ўжо буду ў некалькіх мілях ад Рыма.

— Вось як! — халодна сказала Ваніна. — А куды ж вы пойдзеце?

— У Раманью, адпомсціць за сябе.

— Я багатая, — працягвала Ваніна самым спакойным тонам. — Спадзяюся, вы прымеце ад мяне зброю і грошы.

Місірыллі некалькі імгненняў пільна глядзеў ёй у вочы і раптам сціснуў яе ў абдымках.

— Мая душа, жыццё маё! Ты ўсё прымушаеш мяне забыць, нават мой доўг, — прамовіў ён. — Але ж у цябе такое высакароднае сэрца, ты павінна зразумець мяне.

Ваніна праліла шмат слёз, і было вырашана, што ён пойдзе з Рыму толькі праз дзень.

— Пьетра, — сказала яна на наступны дзень, — вы часта гаварылі мне, што чалавек з імем — ну, напрыклад, рымскі князь — і да таго ж які валодае вялікай маёмасцю мог бы аказаць справе свабоды вялікія паслугі, калі раптам Аўстрыя ўступіць у сур'ёзную вайну ўдалечыні ад нашых межаў.

— Зразумела, — здзіўлена сказаў Пьетра.

— Ну дык вось! Вы адважны чалавек, вам нестае толькі высокага становішча; я вам прапаную сваю руку і дзвесце тысяч ліўраў прыбытку. Згоды бацькі я даб'юся.

Пьетра кінуўся да яе ног. Ваніна ўся свяцілася радасцю.

— Я кахаю вас горача, — сказаў ён, — але я бядняк і я слуга сваёй радзімы. Чым няшчасней Італія, тым болей павінен я захоўваць адданасць ёй. Каб дабіцца згоды дона Аздрубале, мне прыйшлося б некалькі гадоў граць нікчэмную ролю. Ваніна, я адмаўляюся ад цябе!

Місірыллі спяшаўся звязаць сябе гэтымі словамі: мужнасць яго слабела.

— На сваю бяду, — выклікнуў ён, — я кахаю цябе больш за жыццё, і пакінуць Рым для мяне — страшны боль! Ах, чаму Італія яшчэ не пазбаўлена ад варвараў! З якой радасцю я з'ехаў бы з табою ў Амерыку.

Ваніна ўся пахаладзела. Ад яе рукі адмовіліся! Гонар яе быў абражаны. Але праз хвіліну яна кінулася ў абдымкі Місірыллі.

— Ніколі яшчэ ты не быў мне такі дарагі! — выклікнула яна. — Так, я твая навекі... Мілы мой вясковы лекар, ты вялікі, як нашыя старажытныя рымляне!

Усе клопаты аб будучыні, усе парады разважлівасці забыліся. Гэта было імгненне чыстага кахання. І, калі яны ўжо былі ў стане гаварыць разважліва, Ваніна сказала:

— Я прыеду ў Раманью амаль адначасова з табою. Я загадаю прапісаць мне лячэнне на водах у Парэта. Спынюся я ў нашым замку Сан-Нікола, каля Форлі...