Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 4

Стэндаль

На наступны дзень незнаёмцы стала зусім дрэнна.

— Калі вы любіце мяне, — сказала ёй Ваніна на развітанне, — пагадзіцеся прыняць хірурга.

— Калі ён прыйдзе, шчасце маё паваліцца.

— Я пашлю за хірургам, — настойвала Ваніна.

Незнаёмка, не адказваючы, утрымала яе і прыпала вуснамі да яе рукі. Наступіла доўгае маўчанне; у незнаёмкі навярнуліся слёзы. Нарэшце яна выпусціла руку Ваніны і з такім выглядам, быццам ішла на смерць, сказала:

— Я павінна вам прызнацца: пазаўчора я схлусіла, назваўшы сябе Клемянцінай. Я — няшчасны карбанарый...

Ваніна здзіўлена зірнула на яе, адсунулася і ўстала з крэсла.

— Адчуваю, — працягваў карбанарый, — што гэтым прызнаннем я пазбавіў сябе адзінай уцехі, якая яшчэ прывязвае мяне да жыцця. Але я не жадаю ашукваць вас, гэта няварта мяне. Маё імя — Пьетра Місірыллі, мне дзевятнаццаць год; мой бацька — бедны хірург у Сант-Анджэла-ін-Вадо; я карбанарый. Нашу венту выкрылі. Мяне ў ланцугах прывезлі з Раманьі ў Рым, кінулі ў цёмны каземат, удзень і ўначы асветлены толькі маленькай лямпачкай; там я правёў трынаццаць месяцаў. Адной жаласлівай душы з'явілася думка выратаваць мяне. Мяне перапранулі ў жаночую адзежу. Калі я выйшаў з турмы і ўжо дасягнуў апошняй брамы, адзін з каравульных гнюсна панасіў карбанарыяў; я даў яму аплявуху. Запэўніваю вас, я гэта зрабіў не з бязмэтнай удаласці — я проста забыўся. З-за гэтай маёй неабдуманасці за мной пагналіся па вуліцах Рыма, і вось, у начной цемры, паранены штыкамі, губляючы сілы ад страты крыві, я кінуўся ў адчыненыя дзверы чыйсьці хаты. Чую, салдаты бягуць па лесвіцы за мной. Я скокнуў з акна ў сад і зваліўся ў некалькіх кроках ад нейкай жанчыны, якая прагульвалася па алеі.

— Графіня Вітэлескі? Сяброўка майго бацькі? — спытала Ваніна.

— Як! Хіба яна вам гаварыла? — выклікнуў Місірыллі. — Кім бы не была гэтая дама, яна выратавала мне жыццё; імя яе ніколі не трэба вымаўляць. Калі салдаты ўварваліся да яе, каб схапіць мяне, ваш бацька ўжо вёз мяне ў сваёй карэце... Мне дрэнна, вельмі дрэнна: вось ужо некалькі дзён штыкавая рана ў плячы не дае мне дыхаць. Я хутка памру і памру ў роспачы, таму што больш не ўбачу вас...

Ваніна слухала яго нецярпліва і паспяшалася сысці; Місірыллі не ўбачыў у яе прыгожых вачах ні кроплі спачування, а толькі абражаны гонар.

Уначы яго наведаў хірург; ён прыйшоў адзін. Місірыллі быў у роспачы: ён баяўся, што больш ніколі не ўбачыць Ваніну. Ён стаў распытваць хірурга; той пусціў яму кроў, але на пытанні нічога не адказваў. Тое ж маўчанне і ў наступныя дні. Пьетра не зводзіў вачэй з зашклёных дзвярэй, у якія звычайна ўваходзіла з тэрасы Ваніна. Ён пачуваўся глыбока няшчасным. Аднойчы, каля паўночы, яму здалося, што нехта стаіць у цемры на тэрасе. Няўжо Ваніна?

Ваніна прыходзіла кожную ноч і, прытуліўшыся да зашклёных дзвярэй, глядзела на яго.

«Калі я загавару з ім, — думала яна, — я загіну! Не, я больш ніколі не павінна яго бачыць».

Але, насуперак свайму рашэнню, Ваніна міжволі ўспамінала, якое сяброўства яна адчувала да гэтага юнака, калі так прастадушна лічыла яго жанчынай. І пасля гэтай шчырай блізкасці забыцца на яго? У хвіліны разважлівасці Ваніну пужала, што ўсё для яе неяк дзіўна змянілася з тых часоў, як Місірыллі адкрыў сваё імя, — усё, аб чым яна спачатку думала, усё, што рэгулярна бачыла вакол, адышло некуды, завалаклося смугой.