Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 3

Стэндаль

На наступны дзень Ваніна адважылася схавацца на тэрасе перад з'яўленнем бацькі. Яна бачыла, як дон Аздрубале ўвайшоў да незнаёмкі; ён нёс у руцэ кашолку з правізіяй. Князь яўна быў устрывожаны, гаварыў мала і так ціха, што Ваніна нічога не ўчула, хоць ён не зачыніў зашклёныя дзверы. Ён неўзабаве сышоў.

«Напэўна, у гэтай небаракі вельмі небяспечныя ворагі, — падумала Ваніна, — калі мой бацька, чалавек бестурботны, не можа нікому даверыцца і штодня сам паднімаецца сюды па стромкай лесвіцы ў сто дваццаць прыступак».

Аднойчы ўвечары, калі Ваніна, асцярожна наблізіўшыся, зазірнула ў акно, погляд яе сустрэўся з поглядам незнаёмкі, і ўсё адкрылася. Ваніна кінулася на калені і ўкленчыла:

— Я люблю вас, я ваш сябра!

Незнаёмка жэстам запрасіла яе ўвайсці.

— Даруйце мне, даруйце, калі ласка, — паўтарала Ваніна. — Пэўна, мая дурная цікаўнасць падаецца вам зняважлівай. Клянуся, я ўсё захаваю ў таямніцы, а калі вы пажадаеце, я больш ніколі не прыду.

— Для каго не было б шчасцем бачыць вас! — сказала незнаёмка. — Вы жывяце тут, у гэтым палацы?

— Вядома, — адказала Ваніна. — Але вы, відаць, не ведаеце мяне: я Ваніна, дачка князя Аздрубале.

Незнаёмка здзіўлена зірнула на яе, і, густа пачырванеўшы, дадала:

— Дазвольце мне спадзявацца, што вы будзеце прыходзіць кожны дзень, але я б не жадала, каб князь ведаў аб гэтым.

Сэрца ў Ваніны моцна білася. Усе манеры незнаёмкі падаваліся ёй поўнымі годнасці. Гэтая няшчасная маладая жанчына, верагодна, абразіла нейкую магутную асобу, а можа быць, у імпэце рэўнасці забіла свайго каханага. Ваніна і думкі не дапушчала, каб прычына яе няшчасцяў магла быць пасрэднай. Незнаёмка сказала, што яна параненая ў плячо і ў грудзі і ёй вельмі балюча. Часта ў яе ідзе горлам кроў.

— І да вас не запрасілі хірурга? — усклікнула Ваніна.

— Вы ж ведаеце, што ў Рыме, — сказала незнаёмка, — хірургі абавязаныя неадкладна паведамляць у паліцыю аб усіх параненых, якіх яны лечаць. Князь такі літасцівы, што сам перавязвае мне раны вось гэтым палатном.

Незнаёмка з высакароднаю стрыманасцю пазбягала наракаць на свае няшчасці. Ваніна была ў захапленні. Толькі адно вельмі здзіўляла князёўну: яна не раз прыкмячала, што падчас сур'ёзнай гутаркі незнаёмка стрымлівала раптоўнае жаданне засмяяцца.

— Мне хацелася б ведаць вашае імя, — сказала князёўна.

— Мяне клічуць Клемянціна.

— Дык вось, дарагая Клемянціна, заўтра ў пяць гадзін я прыду наведаць вас.

На наступны дзень Ваніна ўбачыла, што стан яе новай сяброўкі пагоршыўся.

— Я паклічу да вас хірурга, — сказала Ваніна, цалуючы яе.

— Не, лепш памерці! — запярэчыла незнаёмка. — Я ніколі не пагаджуся нашкодзіць сваім дабрадзеям.

— Пачакайце! Хірург мансіньёра Савелі-Катанцара, губернатара Рыма, — сын аднаго з нашых слуг, — паспешліва загаварыла Ваніна. — Ён прывязаны да нас, а дзякуючы свайму становішчу можа нікога не баяцца. Дарма мой бацька не давярае яго адданасці. Я зараз пашлю за ім.

— Не трэба, не трэба! — выклікнула незнаёмка з хваляваннем, здзівіўшым Ваніну. — Прыходзьце наведваць мяне, а калі бог пакліча мяне, я буду шчаслівая памерці на вашых руках.