Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 84

Гавриил Николаевич Троепольский

Сямён Пятровіч павёў Біма на вяроўцы ў глыб лесу, узяўшы стрэльбу. Ішлі ўніз у яр, свецячы на прасеку ліхтарыкам. Сцяжынка ўперлася ў невялічкую паляну, акружаную вялізнымі дубамі. Тут Сямён Пятровіч прывязаў Біма да дрэва тою вяровачкаю, развязаў клуначак, выняў з яго міску з мясам і паставіў перад Бімам, але не прамовіў ніводнага слова. І пайшоў назад. Ды, адышоўшы за некалькі крокаў, азірнуўся, асляпіў Біма ліхтарыкам і сказаў:

— Ну, будзь. Вось так.

Бім правёў вачыма святло, якое аддалялася, і маўчаў — здзіўлены, нічога не ведаючы, горка пакрыўджаны. Ён нічога, зусім нічога не зразумеў. І калаціўся ад хвалявання, хоць было цёпла, нават душна, нязвыкла для восені.

Машына паехала. «Туды» паехала, вызначыў Бім па гуку, які аддаляўся і рабіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы, а потым і зусім заціх: гук той быццам даў Біму кірунак — куды ісці на ўсякі выпадак.

Лес маўчаў.

Цёмнаю-цёмнаю ноччу сядзеў у лесе сабака пад магутнымі дрэвамі, прывязаны за вяроўку.

І трэба ж здарыцца менавіта такому і ў гэту ноч! Рэдка, вельмі рэдка так бывае: пад канец лістапада, пры такой нязвыклай цеплыні, дзесьці далёка-далёка прагрымеў гром.

Спачатку Бім сядзеў і слухаў лес, правяраў навокал, колькі браў нюх. Сабаку лёгка вызначыць, які гэта лес, калі ён хоць раз пабыў у ім. Бім скора зразумеў, што ён знаходзіцца там, дзе некалі быў з гаспадаром на аблаве. Той самы лес. Але воўкам паблізу нідзе не пахла. Бім прыціснуўся бокам да дрэва, прапаў у непрагляднай цемені, адзінокі і безабаронны, пакінуты чалавекам, якому не зрабіў нічога ліхога.

Падсвядома, недзе ў глыбіні свае істоты, інстынктам Бім зразумеў, што ісці болей да Толіка нельга, што цяпер ён пойдзе да сваіх родных дзвярэй, і болей нікуды. І так яму захацелася туды, што ён, забыўшы пра вяроўку, ірвануўся ад дрэва на ўсю сілу і ўпаў: боль у грудзях аддаўся ва ўсім целе і падкасіў яго. Цяпер ён ляжаў нерухома, выцягнуўшы ўсе чатыры лапы. Але гэта было нядоўга, ён зноў устаў і сеў да дрэва, здавалася, змірыўшыся са сваім лёсам.

У чарнаце ночы яшчэ раз правуркатаў гром, цяпер ужо блізка, і пракаціўся па бязлістаму лесе шырока і цяжка. Падзьмуў вецер, галіны на дрэвах занылі, быццам ад прадчування бяды; ствалы, якія слабейшыя, захісталіся; і нарэшце ўсё злілося ў адзін суцэльны трывожны чорны шум, у якім выразна чуўся стогн сухое асіны: яна раўнамерна рыпела і рыпела дзесьці ля кораня, ужо надломленая і слабая; яе глухі нудны стогн пужаў Біма больш, чым увесь лясны шум.

А лес шумеў, шумеў і шумеў. А вецер усё гуляў і гуляў як адзіны ўсяпраўны ўладыка ў непрагляднай цемені, разгуляўся так, што застагналі дубы. Біму здавалася, што нехта чорны-чорны, вялізны распластаўся над магутнымі дубамі, над безнадзейнаю асінаю, якая памірае над ім, згубленым у гэтай суровасці, сабакам; і гэты чорны біў поламі чорнага плашча па лясных вяршалінах, аблапліваў дрэвы і гойдаў іх у дзікім танцы, шаманіў, падскакваючы і выгінаючыся, крычаў і завываў, як стогалосы дзікун.