Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 35

Гавриил Николаевич Троепольский

— Што ж рабіць? — спытала Даша ў Біма. — Ты ж так прападзеш.

— Не прападзе, — упэўнена сказала Сцяпанаўна. — Такі разумны сабака не прападзе. Буду раз у дзень варыць яму кашу. Што ж рабіць? Жывое ж.

Даша нечаму задумалася, потым зняла аброжак.

— Пакуль я не прынясу аброжак, не выпускайце Біма. Заўтра гадзін да дзесяці я прыйду… А дзе ж цяпер Іван Іванавіч? — спытала яна ў Сцяпанаўны.

Бім страпянуўся: пра яго!

— Павезлі на самалёце ў Маскву. Аперацыя на сэрца, цяжкая. Асколак жа побач.

Бім — увесь адзін слых: «асколак», зноў «асколак». У гэтым слове чуваць гора. Але, калі яны гавораць пра Івана Іванавіча, значыць, ён павінен недзе быць. Трэба шукаць. Шукаць!

Даша пайшла. Сцяпанаўна — таксама. Бім зноў застаўся адзін бавіць ноч. Цяпер ён не-не і задрэмле, але толькі на некалькі хвілін. І кожны раз ён сніў Івана Іванавіча — дома ці на паляванні. І тады ён прахопліваўся, азіраўся, хадзіў па пакоі, нюхаў закуткі, прыслухоўваўся да цішыні і зноў клаўся ля дзвярэй. Вельмі моцна балеў рубец ад дубца, але гэта было нішто, калі раўняць з большым горам і невядомасцю.

Чакаць. Чакаць. Сціснуць зубы і чакаць.

Раздзел 7. Пошукі працягваюцца

Гэтае раніцы Бім ледзь не плакаў. Сонца ўжо вышэй за акно, а ніхто не ідзе. Ён прыслухоўваўся да крокаў жыхароў у пад'ездзе, якія праходзілі паўз яго дзверы з верхніх паверхаў або падымаліся ўгору. Усе крокі знаёмыя, а яго няма і няма. Нарэшце выразна пачуў туфелькі Дашы. Яна! Бім уголас даў пачуць пра сябе. Яго крык, калі сказаць па-чалавечаму, абазначаў: «Я цябе чую, Даша!»

— Зараз, зараз, — абазвалася яна і пазваніла да Сцяпанаўны.

Яны абедзве ўвайшлі да Біма. З кожнаю ён павітаўся, потым кінуўся да дзвярэй, спыніўся там, павярнуў галаву да жанчын і патрабаваў, прасіў, павільваючы хвастом: «Адчыняйце! Шукаць трэба».

Даша адзела на яго аброжак, на якім цяпер была на ўсю шырыню трывала прымацавана латунная пласцінка-жэтон з выгравіраваным надпісам: «Яго завуць Бім. Ён чакае гаспадара. Добра ведае, дзе дом. Жыве адзін у кватэры. Не крыўдзіце яго, людзі». Даша прачытала надпіс Сцяпанаўне.

— Якая ж ты добрая душа! — успляснула рукамі Сцяпанаўна. — Любіш, выходзіць, сабак?

Даша паглядзела на Біма і адказала незвычайна:

— Муж мяне пакінуў, хлопчык памёр… А мне трыццаць год. Жыла на кватэры. Паеду…

— Адзінокая. Мая ж ты дарагая! — запрыказвала Сцяпанаўна. — Ды гэта ж…

Але Даша абарвала:

— Пайду. — А ад дзвярэй дадала: — Пакуль што не выпускайце Біма, каб не пабег за мною.

Бім паспрабаваў праціснуцца ў дзверы разам з Дашаю, але яна адапхнула яго і выйшла разам са Сцяпанаўнай.

Не болей чым праз гадзіну Бім заскуголіў, потым і завыў ад суму ўголас, так завыў, як пра гэта гавораць людзі: «Хочацца завыць, як сабаку».

Сцяпанаўна выпусціла яго (Даша цяпер далёка):

— Ну, ідзі, ідзі. Вечарам кашы навару.

Бім нават і вухам не павёў на сказанае, не зірнуў у вочы, а кулём зляцеў уніз і — на двор. Чаўнаком паснаваўся па двары, выйшаў на вуліцу, чуць пастаяў, быццам падумаў, а потым пачаў чытаць пахі, радок за радком, нават не звяртаючы ўвагі на тыя дрэвы, дзе стаялі роспісы братоў і чытаць якія павінен кожны сабака, калі хоць крыху паважае самога сябе.