Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 24

Гавриил Николаевич Троепольский

І раптам пачалося.

Сігнальны стрэл распароў цішыню на вялікія кавалкі: рэха прагрымела то там, то тут, то дзесьці ўдалечыні. А следам, быццам у тон лясному грому, далёка-далёка голас Галоўнага:

— Пайшо-о-оў! Ого-го-го-го-го-о-о!

Іван Іванавіч нахіліўся да Біма і ледзь чутна прашаптаў:

— Ляжаць!

Бім лёг. І калаціўся.

— Ого-го-го-о-о! — раўлі там паляўнічыя-загоншчыкі.

Цішыня цяпер рассыпалася на галасы, незнаёмыя, нястомныя, дзікія. Застукалі палкамі па дрэвах, затрашчала трашчотка, як сарока на пагібель. Ланцуг загоншчыкаў набліжаўся з крыкам, гоманам і стрэламі ў паветра.

І вось… Бім пачуў знаёмы з юнацтва пах: воўк! Ён прытуліўся да нагі гаспадара, ледзь-ледзь — зусім толькі-толькі! — прыўстаў на лапах і выцягнуў хвост. Іван Іванавіч усё зразумеў.

Яны ўбачылі абодва: уздоўж сцяжкоў, не пад стрэламі, паказаўся воўк. Ішоў ён шырокім махам, галаву апусціў, хвост вісеў, як палена. І адразу ж звер прапаў. У той жа час пачуўся стрэл у ланцугу стралкоў, потым другі.

Лес грымеў. Лес амаль што злосна растрывожыўся.

Яшчэ стрэл на нумары. Гэта ўжо зусім побач. А крыкі ўсё бліжэй, бліжэй і бліжэй.

Воўк, вялізны стары воўк, паказаўся нечакана. Ён прыйшоў па прамыіне, схаваны цярноўнікам, а пабачыўшы сцяжкі, раптоўна спыніўся, быццам на нешта напароўся. Але тут, над прамыінаю, сцяжкі віселі вышэй, чым на ўсёй лініі, утрая вышэй, чым рост самога звера. А гоман людзей насядаў. Воўк неяк нерашуча, нават вяла, прайшоў пад сцяжкамі і апынуўся метраў за пятнаццаць ад Івана Іванавіча і Біма. Вось ён зрабіў колькі махаў, але тым часам і сабака і чалавек успелі ўбачыць, што ён быў паранены: крывавая пляма расплылася на баку, рот аблямаваны пенаю з чырванаватым адценнем.

Іван Іванавіч стрэліў.

Воўк, падскочыўшы на ўсіх чатырох нагах адразу, раптоўна, усім тулавам, не паварочваючы шыю, павярнуўся на стрэл і… спыніўся. Шырокі, магутны лоб, набеглыя крывёю вочы, выскаленыя зубы, чырванаватая пена… І ўсё ж ён не быў нікчэмны. Ён быў прыгожы, гэты вольны дзікун. О, не, ён не палахлівец, ён не хацеў апускацца і цяпер, горды звер, але… абрынуўся-такі пластом, паволі перабіраючы лапамі. Потым заціх, супакоіўся. Бім не мог стрываць усяго гэтага. Ён усхапіўся і стаў на стойку. Але што то была за стойка! Шэрсць на спіне стала дыбком, на загрыўку стаяла тырчма, а хвост заціснуўся між ног: зласнавата-палахлівая, праціўная стойка на свайго брата, на гордага цара сабак, ужо мёртвага і таму бяспечнага, але страшнага нават духам сваім і крывёю страшнага. Бім ненавідзеў свайго брата. Бім верыў чалавеку, воўк не верыў. Бім баяўся брата, брат не баяўся яго, нават смяротна паранены.

…А крыкі наблізіліся ўжо ўшчыльную. Яшчэ раз стрэлілі. І яшчэ здуплявалі. Мабыць, яшчэ нейкі вопытны воўк ішоў уздоўж ланцуга і, магчыма, вырваўся з яго ў самы апошні момант, калі людзі перасталі пільнавацца і пачалі падыходзіць адзін да аднаго. Нарэшце паказаўся ад падлеску Галоўны, падышоў да Івана Іванавіча і сказаў, гледзячы на Біма: