Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 23

Гавриил Николаевич Троепольский

— Э-э, не! Нашто ж Бім з табою!

— Сабак не павінна быць на аблаве. Зняць! — строга сказаў хтосьці. — Падасць голас — прапала аблава.

— Бім не падасць голасу, — быццам апраўдваўся Іван Іванавіч. — Не ганчак жа ён.

Яму пярэчылі адразу ў некалькі галасоў, але кончылася на тым, што ўчарашні госць сказаў:

— Дарма. З Бімам пастаўлю на запасную! Ёсць месца, Іван Іванавіч: было так, што воўк вырываўся там са сцяжкоў, па пратоцы.

Бім здагадаўся, што яго не хочуць браць. Ён таксама ўгаворваў суседзяў, але ў цемнаце яго ніхто не зразумеў. І ўсё ж аўтамабіль рушыў.

Ужо сонца ўзышло, калі спыніліся ля леснічоўкі знаёмага лесніка. Выйшлі ўсе ціха, без адзінага слова, як і Бім. Потым доўга ішлі ланцужком паўз узлесак. Ніхто не курыў, не кашляў, не стукнуў нават ботам аб бот, ступаючы па-сабачы: тут кожны ведаў — куды, хто і нашто. Не ведаў толькі Бім, але ён таксама ценем ішоў услед за гаспадаром. Той на хаду крануў Біма за вуха: добра, маўляў, маладзец Бім.

Паперадзе, за галоўнага, ішоў учарашні госць-паляўнічы. І вось ён падняў руку — усе спыніліся. Трое пярэдніх пайшлі ў лес яшчэ асцярожней, па-кашачы, і скора вярнуліся. Цяпер Галоўны падняў над галавою фуражку, махнуў ёю ўперад. Па гэтым знаку палавіна паляўнічых пайшла за ім, сярод іх апошні і Іван Іванавіч з Бімам. Так што Бім ішоў апошні: цішэй за яго ніхто не мог ісці, але, нягледзячы на гэта, Іван Іванавіч узяў яго на павадок.

Па маўклівай камандзе Галоўнага першы, хто ішоў за ім, стаў за куст і замёр. Скора гэтаксама заціх ля дубняку і другі, потым трэці, і так па аднаму ўсе сталі на свае нумары. Засталіся ля Галоўнага толькі Іван Іванавіч і Бім. Яны ішлі асцярожней, чым раней. Цяпер Бім бачыў, што паўз іхнюю дарогу нацягнуты шнур, а на ім нерухома віселі кавалкі мацеры, падобнае на агонь. Але нарэшце Галоўны паставіў іх і сам пайшоў назад.

Бім чуйным вухам чуў усё-такі яго крокі, хаця людзям і здавалася, што ніхто іх не чуе. Бім учуў яшчэ, што Галоўны правёў і астатніх паляўнічых, але так далёка, што нават і Бім ужо не чуў шамацення.

І настала цішыня. Насцярожаная, трывожная лесавая цішыня. Бім адчуваў гэта і па тым, як заціх гаспадар, як здрыганулася яго нага ў калене, як нячутна адчыніў ён стрэльбу і паклаў у ствалы набоі, зачыніў і зноў насцярожана застыў.

Яны стаялі, захінутыя кустом арэшніку, збоч прамыіны, якая зарасла густым цярноўнікам. А вакол быў магутны дубовы лес, суровы ў гэтую пару, маўклівы. Кожнае дрэва — волат! А пад ім густы падлесак яшчэ мацней адцяняў незвычайную сілу адвечнага лесу.

Бім ператварыўся ў камячок з самое пільнасці; сядзеў нерухома і лавіў пахі, але пакуль што нічога адметнага не прыкмячаў, бо паветра было нерухомае, і ад гэтага Біму было неспакойна. Калі ёсць хоць маленькі ветрык, ён заўсёды ведаў, што там наперадзе, ён чытаў струменьчыкі паветра, як радкі, а без ветру, ды яшчэ ў такім лесе, — паспрабуй быць спакойны, калі да ўсяго гэтага і яго добры сябар стаіць побач і таксама хвалюецца.