Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 22

Гавриил Николаевич Троепольский

Сапраўды, выйшла б і немачна і бяздоказна. Тады няхай і застаецца ў гэтым сшытку пра Біма. Зараз вось так проста і напішу на вокладцы: «Бім». Тут усё будзе толькі самому сабе. І запіскі ж гэтыя я пачаў, каб выратаваць гонар Біма, вінаватага сваім нараджэннем, але яны ўсё разрастаюцца, і ўжо пра ўсё тое, што звязана не толькі з Бімам, але і са мною. Ніхто, відаць, іх не надрукуе, ды і каму ахвота чытаць пра сабаку і пра сябе? Нікому. Так і хочацца напісаць словы Кальцова:

Пишу не для мгновенной славы: Для развлеченья, для забавы, Для милых искренних друзей, Для памяти минувших дней.

…А Бім ляжыць і ўдзень — нарабіўся, прыяцель, нахапаўся гаючых пахаў жоўтага лесу.

Ах, жоўты лес, жоўты лес! Вось вам і асколачак шчасця, вось табе і месца, дзе падумаць. У асеннім сонечным лесе чалавек робіцца лепшы.

Раздзел 5. На аблаве ў воўчым яры

Аднаго асенняга дня да Івана Іванавіча зайшоў чалавек, ад якога пахла стрэльбаю і сабакам. Хоць ён і не быў у паляўнічых рэгаліях і апрануты быў звычайна, як усе малацікавыя людзі, але Бім адчуў ад яго і тонкі пах лесу, і след ад стрэльбы на далонях, і духмяны дух асенняга лісту ад чаравік. Вядома ж, пра ўсё гэта Бім сказаў, абнюхваючы госця, пазіраючы на гаспадара і энергічна пакручваючы хвастом. Бачыў ён яго першы раз, але ж адразу прызнаў за сябра без усякіх сумненняў і нерашучасці.

Госць ведаў сабачую мову, таму і сказаў ласкава:

— Прызнаў, прызнаў. Маладзец, добра, добра. — Пагладзіў па галаве і сказаў упэўнена і ясна: — Сядзець!

Бім выканаў загад — сеў і нецярпліва перабіраў лапамі. І слухаў, і глядзеў не спускаючы вачэй.

Госць і гаспадар паціснулі адзін аднаму рукі, сустрэліся добрымі-добрымі вачыма.

«Выдатна!» — сказаў Бім, віскнуў.

— Разумны сабака, — сказаў госць, кінуўшы вокам на Біма.

— Добры Бім, лепшага не трэба! — пацвердзіў Іван Іванавіч.

Вось так яны крыху пагаварылі ўтрох, і госць-паляўнічы дастаў з кішэні паперку, паклаў яе на стол, пачаў вадзіць па ёй пальцам і гаварыў:

— Вось тут… тут, у самай гушчэчы Воўчага яра. Сам падвываў. Пяцёра адгукнулася: трое прыбылых, два мацёрыя. Аднаго пабачыў. Ну і ваўчыла!

Бім ведаў словы гаспадара, калі шукаў: «Тут-тут, тут-тут». І насцеражыўся. Але калі было сказана слова «ваўчыла!», вочы яго расшырыліся: гэта быў жудасны пах ляснога сабакі, пах, якога напалохаўся Бім, пах, пра які гаспадар тады, пужаючы, сказаў, паказваючы на след: «Воўк! Гэта воўк, Бім». Вось цяпер і паляўнічы сказаў гэтаксама: «Ну і во-оўк!»

Госць пайшоў, развітаўшыся з Бімам.

Іван Іванавіч сеў набіваць набоі, закладваючы буйныя гарошыны свінцу і перасыпаючы іх бульбянаю мукою.

Ноччу Бім спаў неспакойна.

А задоўга да світання яны выйшлі са стрэльбаю на вуліцу і сталі ля вугла. Скора пад'ехаў вялікі аўтамабіль з паляўнічымі. Яны сядзелі і ў накрытым кузаве на лаўках, сядзелі ціха і ўрачыста. Іван Іванавіч спачатку пасадзіў Біма, потым і сам улез у кузаў. Учарашні паляўнічы сказаў Івану Іванавічу: