Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 21

Гавриил Николаевич Троепольский

Чаму ж такі асадак пасля ўчарашняга дня? Ці толькі пасля ўчарашняга? Ці не прамаргаў я нейкую думку? Такім чынам, учарашні дзень: імкненне да шчасця — і жоўты рубель; жоўты лес — і забітая птушка. Гэта што? Ці не здрада сумленню?

Стой! Вось тая думка, што ўчора выслізнула: не здрада, а дакор сумлення і боль за ўсіх, хто забівае абы забіваць, што ў чалавеку нестае чалавечнасці. З мінулага, з успамінаў пра мінулае прыходзіць і расце ўва мне жаль да птушак і жывёлін.

Я ўспамінаю.

Была дырэктыва кіраўніцтва Таварыства паляўнічых, каб знішчаць сарок за іх шкоднасць, і гэта грунтавалася, нібыта, на назіраннях біёлагаў. І ўсе паляўнічыя білі сарок са спакойным сэрцам. Была такая ўстаноўка і пра каршуковых. Іх таксама забівалі. І пра воўка. Гэтага выбілі амаль падчыстую. За воўка давалі прэмію (трыста рублёў) у старых грашах, а за лапкі сарокі ці коршака, якія паказвалі ў паляўнічым таварыстве, — ці то пяць капеек, ці то пяцьдзесят — не памятаецца.

Але тут, у новай устаноўцы, коршакі і сарокі аб'яўлены карыснымі, не ворагамі птушак: знішчаць іх забаронена. Найстражэйшы загад знішчаць замяніўся на стражэйшы наказ забароны.

Цяпер засталася адна толькі птушка, якую законам дазваляецца знішчаць, якая па-за законам, — сівая варона. Яна быццам разбурае птушыныя гнёзды (за гэта безапеляцыйна вінавацілі і сароку). Затое няма вінаватага за атручаных ядахімікатамі птушак у стэпавых і лесастэпавых раёнах. Ратуючы лес і поле, мы нішчылі птушак, а знішчаючы іх… глумілі лясы. Няўжо аказалася вінаватаю сівая варона, спрадвечны санітар і спадарожнік чалавечага грамадства?

Спіхай усё на сівую варону! — самае пэўнае, элементарнае апраўданне тым, хто вінаваты за смерць птушак.

Доўгія эксперыменты са смерцю — жахліва. Паўстаюць ужо супроць гэтага справядлівыя вучоныя-біёлагі і паляўнічыя, ужо барацьба за ахову лесу і птушак ідзе ў міжнародным маштабе.

Ці падняў я ў свой час голас супроць эксперыментаў са смерцю? Не. І гэта дакор і майму сумленню. Як блекла і немачна прагучаў бы мой голас зараз, каб сказаў я, адумаўшыся, такое:

«Ратуйце шэрую варону — выдатнага санітара людскога месцажыхарства, ратуйце яе ад вынішчэння, бо яна дапамагае ачышчаць мясцовасць вакол нас так, як сатырык ачышчае грамадства ад духоўнае нечыстаты, ратуйце шэрую варону за гэта самае; хай яна крышку і зладзейка птушыных яек, але на тое яна і шэрая варона, каб птушкі ўмелі будаваць свае гнёзды; ратуйце гэту насмешніцу, адзіную птушку, якая мае наіўнае нахабства, што нават у вочы чалавеку можа ляпнуць з дрэва: «Ка-ар-р!» (Пайшоў вон, дурань!) А вось адышліся вы, зляціць долу, насмешліва каркаючы, возьмецца зноў аплятаць смярдзючы кавалак мяса, які ніводзін сабака не возьме ў рот; ратуйце шэрую варону — сатырыка ў птушыным свеце! Не бойцеся яе. Паглядзіце, як маленькія ластавачкі дружна клююць яе і гоняць адтуль, дзе чыста, а яна ляціць ад іх, здзекліва пакаркваючы, туды, дзе пахне прытухлым. Ратуйце шэрую варону!»