Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 19

Гавриил Николаевич Троепольский

Бім таксама слухаў.

Прыляцела сарока, патрашчала нахабна і паляцела. Пераскокваючы з галінкі на галінку, наблізілася сойка, пакрычала з кашэчым надрывам і таксама паскакала прэч, па галінках. А вось і каралёк-матылёк-малютка, гэты зусім-зусім побач: «Свіць, свіць! Свіць, свіць!» Ну што ты яму зробіш? Сам з жучка, а і ён табе: «Свісць, свісць!» Быццам вітаецца.

А ўсё астатняе — цішыня.

І вось гаспадар устаў, дастаў з футарала стрэльбу, заклаў у ствалы набоі. Бім затрымцеў ад хвалявання. Іван Іванавіч ласкава пакудлаціў яму загрывак, і Бім яшчэ больш захваляваўся.

— Ну, хлопчык, шукай!

Бім пайшоў! Малым чаўнаком пайшоў, лавіруючы між дрэў, прысеўшы, прыгнуўшыся, напружыўшыся і амаль нячутна. Іван Іванавіч пакрысе рушыў услед, любуючыся на работу сябра. Цяпер лес з усёю прыгажосцю астаўся на другім плане: галоўнае — Бім, зграбны, азартны, лёгкі на нагу. Зрэдку Іван Іванавіч клікаў яго да сябе, загадваў ляжаць, каб даць супакоіцца, прызвычаіцца. А скора Бім пайшоў ужо роўна, па-гаспадарску. Вялікае майстэрства — работа сетэра! Вось ідзе ён лёгкім галопам, падняўшы галаву, яму не трэба апускаць яе і шукаць панізе, ён чуе пах зверху, і шаўкавістая шэрсць аблягае яго быццам вытачаную шыю; таму такі і прыгожы ён, што нясе галаву высока, з гонарам, упэўненасцю і азартам.

Гэтыя часіны Івану Іванавічу былі часінамі забыцця. Ён забываўся пра вайну, забываўся пра нягоды мінулага жыцця і пра сваю адзіноту. Нават сын Коля, яго роднае дзіця, якога забрала бязлітасная вайна, быццам быў побач, быццам ён, бацька, прыносіў радасць яму, нават мёртваму. Ён жа таксама быў паляўнічы! Мёртвыя не выходзяць з жыцця тых, хто любіў іх, мёртвыя толькі не старэюць, застаюцца ў сэрцах жывых навек маладымі. Так і ў Івана Іванавіча: рана зацягнулася шрамам на душы, але неадступна баліць. На паляванні ж усякі боль душы робіцца хоць крышку слабейшы, лягчэйшы. Шчасце таму, хто нарадзіўся паляўнічым!

І вось Бім пайшоў павальней, звузіў чаўнок, прыпыніўся на секунду і пайшоў ціха, крадком. Нешта кашачае было цяпер ва ўсіх яго рухах, мяккіх, асцярожных, плаўных. Цяпер ён ужо выцягнуў галаву на ўзроўні з тулавам. Кожнаю часцінкаю цела, і нават выцягнутым хвастом, апераным доўгаю шэрсцю, ён быў засяроджаны на струмені паху. Крок… І паднімаецца толькі адна лапа. Крок — і другая лапа гэтак жа на долю секунды застыне ў паветры і нячутна апускаецца. Нарэшце пярэдняя правая, як амаль і заўсёды, застыла, не дакранулася да зямлі.

Ззаду, узяўшы напагатове стрэльбу, ціха падышоў Іван Іванавіч. Цяпер дзве статуі: чалавек і сабака.

Лес маўчыць. Толькі ледзь-ледзь хвалюецца залатое лісце бяроз, купаецца ў сонечным бляску. Заціхлі маладыя дубкі побач з велічным асілкам дубам, бацькам і прародзічам. Бязгучна трапяталіся на асіне срабрыста-шэранькія лісцікі.

А на апалым жоўтым лісці стаяў сабака — адно з лепшых тварэнняў прыроды і чалавечага цярпення. Не варухнецца ні адзін мускул! У такія хвіліны Бім здаецца паўмёртвым, быццам у трансе ад захаплення і азарту. Вось што такое класічная стойка ў жоўтым лесе.