Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 17

Гавриил Николаевич Троепольский

Запіскі гаспадара

Сёння быў старшыня дамавога камітэта, разбіраўся са скаргаю на сабаку. Выйграў Бім. Між іншым, госць мой судзіў, як Саламон. Самародак!

Чаму ж Бім загырчаў на яго спачатку? А, зразумеў! Я ж не падаў руку, сустрэў прышэльца сурова (давялося ж адкласці паляванне), а Бім рабіў усё па сабачай сваёй натуры: вораг гаспадара — і мой вораг. І тут павінна быць сорамна мне, а не Біму. Дзіва, якое тонкае ў яго адчуванне інтанацыі, выразу твару, рухаў! Пра гэта абавязкова трэба памятаць.

Пасля была ў нас цікавая гаворка са старшынёй дамавога камітэта. Ён канчаткова перайшоў на «ты».

— Ты, — кажа, — толькі падумай: сто пяцьдзесят кватэр у мяне ў доме. А чатыры-пяць баламутак-гультаек могуць такога нарабіць, што жыць людзям не будзе як. І ўсіх я іх ведаю, і ўсе баяцца, а цішком клянуць. На дурнога ж жыхара нават і ўнітаз бурчыць. Дальбо!.. Самы мой страшны вораг хто? Ды той, хто не працуе. У нас можна і так, брат: не працаваць, а есці, што аж жывот трэскаецца. Тут нешта не тое, скажу я табе шчыра. Нешта не так, значыцца… Можна, можна не працаваць. Бач ты! Вось ты, напрыклад, што робіш?

— Пішу, — спакойна адказваю яму, хоць не зразумеў жартуе ён ці сур'ёзна гаворыць (вясёлыя людзі часта так могуць).

— Ды ці ж гэта работа! Сядзіш — нічога не робіш, а грошы, нябось, плацяць?

— Плацяць, — адказваю. — Але ж я мала палучаю — стараваты стаў, за пенсію жыву.

— А да пенсіі — хто?

— Журналіст я. У газетах рабіў. А цяпер патроху пішу пра тое-сёе дома.

— Пішаш? — паблажліва перапытаў ён.

— Пішу.

— Ну давай, калі на тое пайшло… Вядома, ты чалавек, відаць, нядрэнны, а тут бачыш… Вось яно то і ёсць. Я таксама на пенсіі, сто рублёў, а працую старшынёй дамкама. Я прывык працаваць, усё жыццё кірую, і з наменклатуры не выціснулі, і на другі захад не ішоў… Пад канец ужо зацерлі: ніжэй, ніжэй. Апошняе месца — маленькі заводзік. Там і пенсію далі: замінка крыху выйшла… Працаваць павінен кожны. Я так думаю.

— Але ж у мяне работа таксама цяжкая, — спрабаваў я апраўдвацца.

— Гэта пісаць? Глупства. Каб быў ты малады — дабраўся б я і да цябе. Ну, а калі пенсія… А так, калі маладыя ды не робяць, выкурваю з дома: ідзі на работу, а не — каціся абаранкам.

Ён і сапраўды насланнё на гультаёў у доме. Здаецца, галоўнае цяпер у яго ў жыцці — даканаць гультаёў, сплетнікаў і дармаедаў, але затое — і павучаць усіх па парадку, што ён і робіць ахвотна. Даказаць яму, што пісаць — таксама работа, аказалася немагчыма: тут ён ці хітрыў з падводным гумарком, ці быў проста паблажлівы (няхай, як гаворыцца, пішуць пакуль што — гультаі ёсць і не такія).

Пайшоў ён добры, без хітрыкаў, пагладзіў Біма і сказаў:

— А ты жыві, значыцца. Але з Цёткаю не займайся. — І да мяне: — Ну, бывай. Пішы, відаць, што зробіш, калі такая справа.

Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Бім правёў яго да дзвярэй, віляў хвастом і зазіраў у твар. У Біма з'явіўся новы знаёмы: Павел Цітавіч Рыдаеў, у абыходзе: «Палцітыч».