Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 16

Гавриил Николаевич Троепольский

Іван Іванавіч, перабіўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Біма:

— Бім! А прынясі мне пантофлі.

Бім споўніў гэта з ахвотаю і лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнічыя чаравікі і ўсунуў ногі ў пантофлі.

— Цяпер занясі пастаў чаравікі.

Бім зрабіў і гэта: па аднаму занёс іх пад вешалку.

Цётка прымоўкла, вылупіла вочы. Госць сказаў з пахвалою:

— Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца. — Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку. — А яшчэ ўмее што-небудзь?

— Ды вы сядайце, сядайце, — запрасіў Іван Іванавіч цётку.

Яна села, схавала рукі пад фартух. Гаспадар паставіў Біму крэсла і загадаў:

— Бім! На крэсла!

Паўтараць Біму не трэба было. Цяпер усе сядзелі на крэслах. Цётка прыкусіла язык. Госць задаволена паківаў нагою, прыказваў:

— Добра выходзіць, добра, добра.

Гаспадар хітравата прыплюшчыў вочы да Біма:

— А ну дай лапу. — І падаў руку.

Прывіталіся.

— Цяпер, дурненькі, павітайся з госцем, — і паказаў на таго пальцам.

Госць падаў руку:

— Здароў, браток, здароў, значыцца.

Бім зрабіў усё далікатна, як і патрэбна было.

— А не ўкусіць? — асцярожна запыталася цётка.

— Ну што вы! — здзівіўся Іван Іванавіч. — Падайце руку і скажыце: «Лапку!»

Тая і сапраўды выцягнула руку з-пад фартуха і падала Біму:

— Толькі не ўкусі, — папярэдзіла яна.

Ну, а тут няма як і расказаць, што зрабілася. Бім шарахнуўся на ляжак, падрыхтаваўся бараніцца, прыціснуўшыся задам у куток, глядзеў у вочы гаспадару. Іван Іванавіч падышоў да яго, узяў за аброжак і падвёў да пакрыўджанае:

— Дай лапку, дай…

Не, не падаў лапу Бім. Адвярнуўся і глядзеў на падлогу. Першы раз не паслухаў. І панура паплёўся ў свой куток, паволі, вінавата і засмучана.

Вой, што тут зрабілася! Цётка затараторыла, як сухая трашчотка:

— Ты ж мяне збэсціў! — крычала яна на Івана Іванавіча. — Нейкі задрыпаны сабака на мяне, савецкую жанчыну, увагі не мае! — І тыцкала пальцам на Біма. — Ды я… ды я… Пачака-ай!

— Даволі! — неспадзявана раўнуў на яе госць. — Брэшаш ты, значыцца. Не кусаў ён цябе і не збіраўся. Ён жа цябе баіцца, як чорт кадзіла.

— Ты не крычы, — прабавала яна абараніцца.

Тады госць сказаў коратка:

— Кыш! — І загаварыў да гаспадара: — З такімі іначай нельга. — І зноў цётцы: — Бач ты! «Савецкая жанчына» яшчэ мне… Ідзі адсюль! — рыкнуў ён. — Яшчэ раз накаламуць — асмяю! Ідзі! — Скаргу ён парваў перад ёю.

Апошні сказ госця Бім зразумеў выдатна. А цётка пайшла маўчком, ганарліва задраўшы голаў і ні на кога не гледзячы, хоць Бім цяпер не зводзіў з яе вачэй і нават глядзеў яшчэ на дзверы пасля таго, як яна выйшла, а крокі яе заціхлі.

— Вельмі ж вы з ёю… грубавата, — сказаў Іван Іванавіч.

— Інакш няма як, кажу вам: увесь двор скаламуціць — ведаю. Калі гавару, то ведаю. Во дзе яны ў мяне, гэтыя сплетніцы і буяны, — ён паляпаў сябе па зашыйку. — Рабіць ёй няма чаго, яна і цаляе, каб куснуць каго. Дай такім волю, увесь дом пойдзе цераз пень-калоду.

Бім увесь час сачыў за тварам, за рухамі, інтанацыяй і зразумеў выдатна: госць і гаспадар ніяк не ворагі, а нават, як здаецца, паважаюць адзін аднаго. Назіраў ён доўга яшчэ, пакуль яны пра нешта гаварылі. Але калі даведаўся пра асноўнае, то астатняе яго мала цікавіла. Ён падышоў да ног госця і ўлёгся, быццам хацеў гэтым сказаць: «Прабачце».