Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 106

Гавриил Николаевич Троепольский

— Не жадаю! Не хачу. І ўся гаворка!

Стала зусім ясна, што ён лічыць сябе віноўнікам гібелі Біма; відаць, ён адчуў дакор мёртвага. Што ж, дакор мёртвых — самы страшны дакор, таму што ад іх не дачакацца ні даравання, ні спачування, ні спагады да таго, хто зрабіў зло. Але малады Іван блізка да сэрца прыняў сваю маленькую памылку. І гэта робіць яму гонар. Вось і яшчэ адзін след на зямлі добрага, адданага і вернага сабакі. Дарэчы, старэйшы Іван не адчуваў такое ўжо душэўнае няёмкасці — ён узяў пяцёрку з рук у Івана Іванавіча і паклаў у бакавую кішэню з удзячнасцю. Вінаваціць яго зусім няма за што: ён атрымаў абзадачаную плату за работу, а ловячы Біма, толькі ўсяго выконваў свой абавязак.

…Таго ж дня Сямён Пятровіч арганізаваў пошукі. Па-першае, у газеце з'явілася аб'ява: «Прапаў сабака — сетэр, белы з чорным вухам, клічка Бім, выдатнага розуму, вучаны сабака. Дзе знаходзіцца, просім паведаміць за добрую ўзнагароду на адрас…»

Вялікі горад загаварыў пра Біма. Трашчалі тэлефонныя званкі, ішлі спачувальныя лісты ад чытачоў, снавалі ў пошуку ганцы.

Так Бім праславіўся двойчы: адзін раз, калі быў жывы, — як шалёны; другі раз пасля смерці — як «выдатнага розуму сабака». У апошняй славе Біма заслуга Сямёна Пятровіча несумненная.

Але слядоў Біма ўсё ж не знайшлі ні ў тую зіму, ні пасля. Ды і хто мог ведаць? Малады Іван кінуў работу на каранцінным двары, і зразумела чаму маўчаў; Івана-старэйшага папярэдзіў Іван Іванавіч — каб ні гугу! А больш ніводзін чалавек не бачыў, не ведаў, што Бім ляжыць у лесе, у свежай прамёрзлай зямлі, зацярушаны снегам, і што яго ўжо ніхто ніколі не ўбачыць.

Зіма таго года была суровая, з двума чорнымі буранамі. Пасля іх белы снег у палях стаў чорны-чорны. Але на той, знаёмай нам палянцы ў лесе ён заставаўся чысты і белы. Яе засланіў лес.

Раздзел 17. Лес уздыхнуў (замест пасляслоўя)

І зноў прыйшла вясна. Сонца выпіхала зіму вон. Яна ўцякала на амаль растаўшых немагушчых нагах, а следам за ёю, памаленьку, але не адстаючы прыбывалі цёплыя дні, падпальвалі старую плямамі, ірвалі на гразна-белыя кавалкі. Вясна заўсёды бязлітасная да паміраючае зімы.

І вось ручаі ўжо супакоіліся, не спяшаюцца, робяцца ўсё меншыя і меншыя, усё танчэйшыя і танчэйшыя, а ноччу амаль зусім заміраюць. Вясна прыйшла позняя, роўная.

— Такая вясна — на ўраджай, — сказаў Хрысан Андрэевіч на днях, калі начаваў з Алёшам у Івана Іванавіча.

Скора яны выганяць авечак на пашу, але Алёша цяпер да самых вакацый будзе толькі «выправаджваць» з бацькам чараду раніцаю і «сустракаць» за вёскаю вечарам.

Алёша і адзін прыязджаў некалькі разоў. У такія дні яны з Толікам не разлучаліся і пачыналі зноў шукаць Біма, мілыя хлапчукі. Але аднойчы, калі ўсе разам пілі гарбату ў Івана Іванавіча, Хрысан Андрэевіч памеркаваў так:

— Калі ўжо ў газетах надрукавалі ды не аб'явіўся, то, выходзіць, яго нехта звёз далёка. Расея вялікая, матухна, паспрабуй знайдзі. Калі б ён загінуў, то абавязкова нехта б заявіў па аб'яве: так, маўляў, і так — памёр ваш сабачка, бачыў яго там-та. Галоўнае тут — жывы, вось што. Не кожны знаходзіць свайго сабаку. І тут фактычна нічога не зробіш.