Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 107

Гавриил Николаевич Троепольский

З таго дня пошук спыніўся. Засталася толькі памяць, і засталася яна хлопчыкам на ўсё жыццё, да сканчэння дзён. Магчыма, праз многа год, яны, нашы хлопчыкі, раскажуць сваім дзецям пра Біма. Таму што кожны тата ці дзядуля, калі ў яго быў сябар сабака, не праміне, каб не расказаць пра забаўныя ці сумныя гісторыі, якія здараліся з ім. І тады падлетку захочацца мець свайго сабаку. Адыходзячы, Хрысан Андрэевіч паклаў за пазуху месячнага шчанюка аўчаркі — падарунак Івана Іванавіча. Алёшка быў у захапленні.

…У кватэры забаўляўся са старым чаравікам новы шчанюк, таксама Бім, пародзісты, тыповага акрасу ангельскі сетэр. Гэтага Іван Іванавіч дастаў на дваіх — сабе і Толіку.

Але старога сябра ён ужо ніколі не забудзе. Не забыць яму паляўнічых досвіткаў, падараваных Бімам, не забыць яго дабраты і ўсёдаруючага сяброўства. Памяць пра вернага сябра, пра яго невясёлы лёс трывожыла старога чалавека. Менавіта таму ён і апынуўся на той самай палянцы і сеў на той жа пянёк. Агледзеўся. Ён прыйшоў паслухаць лес.

Быў неймаверна ціхі вясновы дзень.

Неба густа апырскала палянку пралескамі (кропелькі неба на зямлі!). Многа разоў у жыцці Івана Іванавіча паўтараўся гэты цуд. І вось ён прыйшоў зноў, ціхі, але магутны сваёю шчыраю прастатою і кожны раз дзіўны і непаўторны ад навізны нараджэння жыцця — вясна.

Лес маўчаў, толькі-толькі ачынаючыся ад сну, пакрэплены небам і патрывожаны ўжо цёплымі сонечнымі зайчыкамі на бліскучых і такіх млява пяшчотных язычках яшчэ нявыгарнуўшагася лісця. Івану Іванавічу здалося, што сядзіць ён у велічным палацы з блакітнаю падлогаю, блакітным купалам, з калонамі з жывых дубоў. Гэта было падобна на сон.

Але раптам… Што б гэта магло абазначаць? Па лесе пракаціўся глухі кароткі шум — глыбокі ўздых. Было вельмі падобна на ўздых палёгкі ад таго, што пасля доўгага чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамі раскрыўшыхся пупышак. Інакш чаму ж варухнуліся галінкі і ўслед за гэтым засвісталі сініцы, а дзяцел бадзёра застрачыў музычным барабанным россыпам, клічучы сяброўку, апавяшчаючы лес пра пачатак кахання? Ён жа адзін з першых, як і слонка, падае сігнал да ўрачыстае вясновае сімфоніі, але толькі слонка кліча ціха, у прыцемках, асцярожна, кліча зверху: «Хор-хор! Хор-хор!» — гэта значыць, добра-добра! А дзяцел, знайшоўшы сваё дупельца на запаветным суку, неўтаймавана, смела, рашуча абвяшчае на спрадвечным інструменце радасці: «Пр-р-р-р-р-р-р-р-р-рыгажосць!»

Таму і ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся і прыйшоў час здзяйснення надзеі. І птушкі адгукнуліся яму, магутнаму велікану і выратавальніку. Іван Іванавіч чуў гэта выразна. Ён жа і прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.

І ён быў бы шчаслівы, як і кожны год, у такія часіны, калі б на краю палянкі не адрозніваўся пятняк, абазначаны толькі свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мінулагоднім лісцем. Сумна глядзець на такі пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасці ў прыродзе.