Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 105

Гавриил Николаевич Троепольский

Лес шумеў роўна і нямоцна. Іван Іванавіч расчахліў стрэльбу, уклаў патроны і, быццам задумаўшыся крышку, выстраліў угору.

Лес з-за шуму глуха, пакорліва, па-восеньску адазваўся журботным рэхам. Удалечыні яно заціхла кароткім, абарваўшымся стогнам.

І яшчэ раз выстраліў гаспадар, і чакаў, калі прастогне лес.

Абодва яго спадарожнікі недаўменна глядзелі на Івана Іванавіча. Але ён, не сыходзячы з месца, уклаў яшчэ два набоі і гэтак жа размерана, з зусім роўнымі прамежкамі, якія вызначаў па тым, як заціхае ўдалечыні гук, выстраліў яшчэ два разы. Потым зачахліў стрэльбу і пайшоў да пянька.

Старэйшы спытаў:

— Гэта ж навошта, чатыры разы?

— Так трэба, — адказаў Іван Іванавіч. — Колькі год было сабаку, столькі разоў і страляць. Біму было… чатыры гады. Кожны паляўнічы ў такую хвіліну здыме шапку і пастаіць моўчкі.

— Ты глядзі! — ціха здзівіўся малады. — Як пры напасці… як у бядзе… — Ён падышоў да фургона, сеў у кабіну і зачыніў за сабою дзверцы.

Лес шумеў, шуме-еў, шуме-еў аднатонна, амаль па-зімоваму, шумеў холадна, гола і няўтульна. Снегу было толькі крышку. Даўно пара б быць яму, а спазніўся намнога. Можа, таму і шум стаў цяпер нудна-незадаволены, санлівы, здавалася, такі безнадзейны, што быццам бы і зімы не будзе, і вясны не будзе.

Але раптам Іван Іванавіч адчуў у сабе, у душэўнай той пустэчы, што засталася пасля апошняга сябра, цеплыню. Ён не адразу здагадаўся, што гэта такое. А гэта былі два хлопчыкі, іх прывёў да яго, сам таго не ведаючы, Бім. І яны зноў прыйдуць, прыйдуць яшчэ не раз.

Дзіваком, вялікім дзіваком здаўся Іван Іванавіч двум прасцецкім сабакаловам, калі, сядаючы ў кабіну, ён сказаў, быццам бы да самога сябе:

— Няпраўда. І снег будзе. І вясна абавязкова будзе. І будуць падснежнікі… У Расеі бываюць зімы і вёсны. Вось якая яна, наша Расея, — і зімы і вёсны абавязкова.

Па дарозе назад малады хлопец нечакана спыніў машыну насупраць невялікае вёскі, непадалёку ад шашы, адчыніў дзверы фургона і выпусціў Кудлатку.

— Не жадаю! Не хачу — усклікнуў ён. — Бяжы, сабака, у вёску, ратуйся — там будзеш цэлы.

— Што ты? Што ты? Ведаюць жа, было два сабакі! — крыкнуў з кабіны старэйшы.

— Адзін сам сябе кончыў, другі ўцёк — і ўся гаворка. Не хачу. Нічога не хачу. Не жадаю! І ўся гаворка!

Кудлатка адбег ад шашы, сеў і здзіўлена праводзіў позіркам фургон, потым агледзеўся і пабег сам па сабе, пабег у вёску, да людзей. Здагадлівы сабака.

Яшчэ ў лесе Іван Іванавіч даведаўся, што маладога хлопца зваць Іван, а старэйшага — таксама Іван. Усе ўтрох Іваны, рэдкае супадзенне. Гэта зблізіла іх яшчэ больш, і развітваліся яны як добрыя знаёмыя. А ўсяго і было між імі адно: утрох закапалі сабаку, які не вытрываў у сабачай турме. Бывае, людзі падружацца на вялікай справе і разыходзяцца, а бывае, пасябруюць з-за малое справы, і назаўсёды, на ўсё жыццё.

Калі Іван Іванавіч выйшаў з кабіны і падаў пяць рублёў, якія абяцаў маладому Івану, той адхіліў руку і сказаў тыя самыя словы: