Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 100

Гавриил Николаевич Троепольский

— Папытацца можна, таварыш?

Сівы, чуць нахіліўшы галаву набок і хаваючы ўсмешку, адказаў:

— Вядома, можна, таварыш.

Другі, адразу відаць, гарадскі, пытаўся далей:

— Скажыце, калі ласка, вы не бачылі сабаку з чорным вухам, белы, у кра…

Сівы сціснуў хлопчыка за плячо і, хвалюючыся, усклікнуў:

— Бім?!

— Ага, Бім. Бачылі? Дзе?

Усе ўтрох селі на лавачку ў прывакзальным скверыку. І ўсе ўтрох давяралі адзін аднаму без усякіх сумненняў, хоць хлопчыкі зусім не ведалі гэтага старога чалавека, не ведалі, што гэта быў Іван Іванавіч, гаспадар Біма, нават не адразу б і здагадаліся, каб ён сам не сказаў пра сябе.

Мабыць, і знаёмыя не адразу б пазналі яго. Ён стаў яшчэ больш сутулы, твар худы, маршчын стала больш (аперацыя ля сэрца — не курорт), але вочы засталіся такія ж — уважлівыя, засяроджаныя, якія глядзяць быццам усярэдзіну чалавеку. Толькі па гэтых вачах і можна было вызначыць, што калісьці іх гаспадар быў брунет. Цяпер ён стаў зусім белы, як снег.

Толік расказаў усё, што ведаў пра Біма, нават і тое, што ён кульгавы і хворы. Алёша коратка і талкова расказаў пра жыццё Чарнавуха на вёсцы. Хлопцам усё спадабалася ў Іване Іванавічы: размаўляе ён з імі, як з дарослымі, часам паклаўшы далонь на плячо субяседніку, спадабалася і тое, як ён слухае, не перабівае, і тое, што ён белы-белы, і імя і імя па бацьку ў яго добрае, а галоўнае, ён любіць іх, незнаёмых хлопчыкаў, — гэта ўжо ясна як божы дзень. Інакш нашто б яму было гаварыць пад канец:

— Добрыя вы хлопцы. Будзем сябраваць па-сапраўднаму… А цяпер да мяне. Мяркуючы па ўсім, Бім ужо дома.

Па дарозе ён асцярожна распытваўся ў хлопчыкаў і лёгка даведаўся, хто яны, адкуль, з якіх сем'яў, хто што робіць і што каму падабаецца.

— Авечак пасеш — гэта добра, Алёша. І вучышся ў школе? Цяжка, мабыць?

— Авечку, яе накарміць трэба ўмець, — адказаў, як і бацька, Алёша. — Работа цяжкая. Распусціш чараду па фронце, не таптаць харч нагамі — гэта не раз плюнуць, набегаешся так, што ногі гудуць. І зноў жа падымайся ні свет ні зара. Клопатна. З сабакам добра — памагае лепей за чалавека, які ні чорта не разбіраецца. А без сабакі нам ніяк нельга. Пастухі мы. Дзе ж дзецца?

— А ты, Толік, што робіш? — спытаўся Іван Іванавіч.

— Я? — здзівіўся Толік. — Я вучуся ў школе.

— Жывёла ў вас ёсць якая-небудзь дома хоць? — спытаўся Алёша ў Толіка.

— Жывёлы ніякае няма, — адказаў той. — Марскія свінкі былі — мама забараніла… Смярдзяць.

— Ты прыязджай да мяне, пакажу: Мілка ў нас — залатая карова, пад пуза лезь — і нагою не варухне. Шапку ліжа таксама і далоні. Певень у нас — над усімі пеўнямі певень, завадзілам завуць, першы крычыць раніцаю, а астатнія ўжо за ім. Такі певень — рэдкасць… А вось сабакі няма. Быў — памёр. Чарнавух быў — уцёк. — Алёша ўздыхнуў. — Шкада, такі ласкавы…

Іван Іванавіч пазваніў да Сцяпанаўны. Яна выйшла разам з Люсяю і запрыказвала: