Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 102

Гавриил Николаевич Троепольский

«Ён ці не ён?» — думаў Іван Іванавіч.

— Пусціце да фургона, калі ласка. Шукаю свайго сабаку, выдатнага. Магчыма, ён сядзіць там. Прапусціце.

Вартаўнік быў няўмольны:

— Выдатных не саджаюць. Садзяць шкодных, каб не заражалі, — безапеляцыйна сцвярджаў ён пераконана. І тут жа твар яго перамяніўся: ён падняў падбародак і адмахнуўся рукою, як бы адхіліў таго, хто прасіў, ад варот, з другога боку якіх той стаяў, засмучаны і бяссільны што-небудзь зрабіць. Нават вартаўнік не мог не ўтрымацца, каб не спакусіцца і не пацешыцца сваёю ўладаю, таму ён і сказаў строга: — Бачыш? «Уваход забаронены». Чытай і разумей, — паказаў ён на рамку пад шклом, дзе залатымі літарамі было напісана: «Уваход забаронены — небяспечна здароўю».

Іван Іванавіч ужо страціў надзею трапіць на двор, але ўсё ж сказаў:

— Эх ты! Чалавек, чалавек!.. Аперацыя была. Ад вайны асколак насіў вось тут. Прыехаў, а Бім прапаў.

— Як гэта? Больш за дваццаць год насіў асколак? — Вартаўнік нечакана стаў сам сабою, такім як быў у пачатку сустрэчы. — Ты глядзі! Раскажы каму — не паверыць. То-та ты… — Ён не дагаварыў да канца і мірна запрасіў, адкідваючы завалу: — Заходзь. Ды толькі нікому не кажы.

Іван Іванавіч адпусціў таксі, спадзеючыся, што павядзе Біма на павадку, і пайшоў да фургона. Ішоў ён сапраўды з вялікім спадзяваннем: калі Бім тут, то ён зараз яго ўгледзіць, прылашчыць, калі ж Біма няма, то, значыць, ён жывы, знойдзецца.

— Бім, мой мілы Бімка… Хлопчык… Дурненькі мой Бімка, — шаптаў ён, ідучы па двары.

І вось вартаўнік расчыніў дзверы фургона.

Іван Іванавіч адхіснуўся і акамянеў…

Бім ляжаў носам да дзвярэй. Губы і дзясны параздзіраны аб вострыя бляшаныя краі. Пярэднія лапы ў крыві.

Ён драпаўся ў апошнія свае дзверы доўга. Драпаўся, пакуль мог дыхаць. І так мала ён прасіў! Волі і даверу — больш нічога.

Кудлатка, прытуліўшыся ў кутку, заскуголіў.

Іван Іванавіч паклаў руку на галаву Біма — адданага, вернага сябра, які любіў.

Закружыліся рэдкія сняжынкі. Дзве ўпалі на нос Біму і… не расталі.

…А тым часам Алёша і Толік, яшчэ мацней пасябраваўшы, ішлі па горадзе. Пыталіся яны, пыталіся ды і трапілі на той ветэрынарны ўчастак, куды Толік калісьці вадзіў Біма. Там яны даведаліся ў дзяжурнага, што ніякіх сабак тут няма і што калі сабака прапаў, то яго перш за ўсё трэба шукаць на каранцінным участку, таму што там сабакаловы.

Нашы два хлопчыкі былі зусім не тыя, што могуць напісаць адрас «дзядулю ў вёску». Таму праз гадзіну, не болей, спяшаліся ад аўтобуснага прыпынку па пустцы на каранцінны двор.

Насустрач ім выйшаў з варот Іван Іванавіч. Убачыўшы хлопчыкаў, ён заспяшаўся, а калі падышоў, сказаў:

— І вы сюды?

— Накіравалі нас, — сказаў Алёша.

— Няма тут Біма? — спытаўся Алёша.

— Не было яго тут? — перапытаў Алёша.

— Не, хлопчыкі… Біма тут няма… і не было. — Іван Іванавіч стараўся схаваць цяжар на душы і боль у сэрцы; яму гэта было вельмі цяжка.