Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 98

Гавриил Николаевич Троепольский

Колькі так прайшло часу, цяжка гаварыць. Але Бім… пачаў драпаць за дзверы.

Гэтыя дзверы зусім былі не падобныя на іншыя, тыя, якія ведаў Бім: абабітыя бляхаю з вострымі рванымі петнякамі. Але гэта былі дзверы, цяпер адзіныя дзверы, праз якія можна было прасіць дапамогі і спачування.

Прыйшла ноч, Халодная, марозная.

Кудлатка завыў.

А Бім драпаўся. Ён грыз зубамі кавалкі бляхі і зноў драпаўся, ужо лежачы. Зваў. Прасіў.

Пад раніцу ў фургоне стала ціха: Кудлатка не выў, Бім таксама прыціх, хіба толькі зрэдку скрабяне лапаю па жалезе. Знямогся ён да поўнага бяссілля ці змірыўся, страціў надзею і чакаў свайго лёсу пакорліва, мы не ведаем. Пакуль што гэта была таямніца жалезнага фургона.

Раздзел 16. Сустрэча ў пошуках. Сляды Біма на зямлі. Чатыры стрэлы

Нядзельным днём у горадзе, аказваецца, больш людзей, чым у звычайныя дні: ідуць, едуць, бягуць, купляюць, прадаюць, лезуць у цягнікі, аўтобусы, тралейбусы, трамваі, быццам селядцы ў бочку, спяшаюць з горада, як учадзеўшы. Апоўдні таўкатня пакрысе аціхае, а вечарам зноў: адны вяртаюцца з вёсак і лясоў у горад дадому, другія едуць з горада да сябе, у вёскі і лясы.

Таму не дзіўна, што аднаго нядзельнага дня і Хрысан Андрэевіч прыехаў у горад разам з Алёшам. Абодва дамовіліся, што Алёша паспрабуе знайсці Чарнавуха, пакуль бацька будзе на базары прадаваць прадукты. Хрысан Андрэевіч і раней браў з сабою сына і пускаў пагуляць па горадзе без усякага апасення (нумар трамвая ведае, «свой» аўтобусны прыпынак ведае, а каб натварыць чаго — ніколі ў жыцці). У такіх выпадках атрымоўваў Алёша на рукі тры рублі і мог купіць сабе што толькі захочацца, і паехаць куды хоча ў горадзе — хоць у кіно, хоць у цырк. На гэты раз Хрысан Андрэевіч увапхнуў сам у патайную кішэню Алёшу пятнаццаць рублёў і сказаў:

— Калі выпадкова трапіцца Чарнавух, а аддаваць не будуць, давай чырвонец. Не дадуць — давай дванаццаць. Не аддадуць — кладзі ўсе пятнаццаць. А калі і тады не захочуць, пішы адрас — і да мяне: сам паеду. Доўга не хадзі, к чатыром гадзінам да аўтобуса, дзень стаў кароткі, зацемна паедзем. Ды пытайся пра Чарнавуха культурна: «Папытацца можна, таварыш?» А потым і дакладвай, так маўляў і так — з вёскі мы, пастухі, і без сабакі нам нельга, а прапаў. Уцёк, маўляў, у горад. Добрых людзей многа: ты толькі пытайся.

…Па горадзе спаважна ішоў хлопчык-мацак і зрэдку пытаўся ў сустрэчных, у тых, хто, на яго думку, заслугоўваў давер:

Папытацца можна, таварыш? Мы, выходзіць, пастухі…

Тлустых сустракаў чортведама як многа, асабліва жанчын, але такіх прапускаў (мабыць, не працуюць, таму і тоўстыя не ў меру). Але менавіта тлусты таварыш, пачуўшы, пра што пытаецца хлопчык — не ў яго, у другога, — спыніўся і параіў пайсці на вакзал (там, маўляў, за дзень уся моладзь пройдзе праз вароты — хто ж небудзь ды ведае). Хлапчукоў жа Алёшка не абмінаў ніводнага.