Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 99

Гавриил Николаевич Троепольский

У той жа самы час і Толік выйшаў шукаць Біма. Ён настойліва шукаў ужо тры дні, але пасля ўрокаў, а сёння вырашыў пачаць зранку: нядзеля, не трэба ў школу.

Ішоў па горадзе чысценькі хлопчык з культурнае сям'і, ішоў, прыглядаўся да прахожых і спытаў, выбраўшы:

— Дзядзечка, скажыце, калі ласка, ці не бачылі вы сабаку з чорным вухам?.. Белы, з жоўтымі крапінкамі?.. Не, не бачылі, шкада. Прабачце.

Толік ужо двойчы быў у Сцяпанаўны, нягледзячы на забарону бацькоў, ужо аддаў Люсі чэшскія алоўкі, якіх не бывае ні ў адным магазіне, і альбом для малявання, ужо расказаў, што Бім быў у яго, начаваў, а потым прапаў; даведаўся ён у Сцяпанаўны, што Іван Іванавіч, якога ён ніколі не бачыў у жыцці, даслаў ліст — скора прыедзе. Сёння Толік адвячоркам збіраўся да Сцяпанаўны, абавязкова зойдзе яшчэ раз — ці няма чаго новага пра Біма, ды і Люся абяцала падарыць сваю карціну «Наш Бім».

На адной з вуліц, непадалёку ад вакзала, да Толіка падышоў хлопчык гадоў трынаццаці, загарэлы, моцны, у новым касцюмчыку, пашытым як даросламу, і спытаўся:

— Папытацца можна, таварыш?

Такое запытанне, як у вялікага, Толіку спадабалася, і ён ахвотна адказаў:

— Можна. — У сваю чаргу, спытаў: — А што ты хацеў?

— Пастухі мы. А сабака прапаў — у горад пайшоў. Выпадкам не бачыў? Белы, з жоўтымі крапінкамі, а вуха чорнае-чорнае. І нага…

— Як клічуць сабаку? — ускрыкнуў Толік.

— Чарнавух, — адказаў Алёша.

— Бім! — сказаў Толік. — Ён.

Няцяжка зразумець, што хлопчыкі дамовіліся адзін з адным: Толік даведаўся, калі і дзе куплены Бім, калі ён пайшоў з вёскі; Алёша зразумеў, што прыходзіў да Толіка менавіта Чарнавух, а не хто іншы. Усё супадала: Бім быў недзе ў горадзе. Абодва яны нават і не падумалі, каму з іх будзе Бім, калі знойдуць. Галоўнае — шукаць, скарэй шукаць.

— Спярша станем ля вакзала, — прапанаваў Алёша. — Чалавек адзін мне параіў.

— Народу тут цьма, абавязкова нехта бачыў Біма, — згадзіўся Толік.

Наіўнасць такіх пошукаў была бачна, але не Алёшу і Толіку. Яны проста адчулі дух таварыскасці, з'ядналіся адным жаданнем, адною любоўю да Біма, яны верылі — вось у чым сутнасць іх паводзін. А ўяўленне малявала, што Бім і сам можа трапіцца на вочы.

— А потым зойдзем да тваёй Сцяпанаўны, — ужо на хаду вырашыў Алёша. — Яе не абміне. Фактычна, ён туды і ідзе, абавязкова туды. Выходзіць, нельга яму інакш: дом.

— Зойдзем, — згадзіўся Толік.

Яму сапраўды падабаўся Алёша са сваёю спаважнаю гаворкаю і ў той жа час наіўнасцю і прастатою. Такія знаёмствы застаюцца на ўсё жыццё. І добра таму хлопчыку, якому вуліца падорыць сапраўднага таварыша, а не жуліка.

Хлопчыкі ўжо распыталіся не меней, чым у сотні чалавек, і ўсё працягвалі выбіраць тых, у каго можна папытацца.

Тае самае раніцы ў агульную вакзальную таўхатню, абапіраючыся на кіёк, выйшаў з вагона скорага цягніка сівы чалавек у карычневым паліто. Мінуўшы вакзал, ён прыпыніўся і агледзеўся навокал. Так чалавек, які быў разлучаны з роднымі мясцінамі і які вярнуўся назад, глядзіць, ці ўсё на месцы, ці не перамянілася што. У гэты момант да яго і падышлі два незнаёмыя хлопчыкі. Адзін з іх, відаць адразу, вясковы, сказаў: