Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 45

Валер Булгакаў

З траўня 1993 году ў парлямэнце пачынаюць усё больш гаварыць аб неабходнасьці ўводзінаў пасады прэзыдэнта і перавагах прэзыдэнцкай рэспублікі. А 4 чэрвеня 1993 году была створана часовая камісія па барацьбе з карупцыяй пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі… Яна стала для будучага прэзыдэнта перадвыбарнай трыбунай. Акрамя таго, вакол гэтай нешматлікай па складзе камісіі пачынае фармавацца групоўка, якая ў будучыні створыць найбліжэйшае атачэньне прэзыдэнта Лукашэнкі.

Канкурэнтамі ў барацьбе за прэзыдэнцкую пасаду Лукашэнка ўспрымаўся як несур’ёзная і несамастойная фігура, супраць якой не выпадае весьці поўнамаштабную інфармацыйную вайну. Сам жа Лукашэнка ў ходзе перадвыбарнай барацьбы вольна раздаваў моцныя ўдары направа — у бок «нацыянал-радыкалаў» і налева — у бок «карумпаванай намэнклятуры», «партыйна-мафійнай верхавіны».

Адзіны, хто мог стварыць значныя складанасьці для рэалізацыі праекту «прэзыдэнт Лукашэнка», быў Старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч. Кандыдат у прэзыдэнты Кебіч меў для барацьбы супраць Лукашэнкі дастаткова палітычных рэсурсаў. Але ў камандзе Кебіча ключавую ролю гралі асобы, якія насамрэч працавалі на карысьць іншага кандыдата — Лукашэнкі. Гэта былі «правая рука» Кебіча Міхаіл Мясьніковіч, а таксама Сяргей Лінг і зьвязаныя зь імі асобы. Прадстаўнікі старой эліты, яны зрабілі кар’еру яшчэ ў савецкі час.

Давераныя асобы Кебіча пераканалі яго ў тым, што перамога на прэзыдэнцкіх выбарах яму забясьпечана. Аплочаныя камандай Кебіча сацыялягічныя апытаньні сьведчылі аб тым, што кандыдатуру прэм’ер-міністра падтрымліваюць каля 27% выбарцаў, бліжэйшага канкурэнта Лукашэнкі — каля 13%.

Фронт інфармацыйнай вайны з боку падкантрольных выканаўчай уладзе СМІ — тэлебачаньня, радыё, буйных нацыянальных газэтаў «Советская Белоруссия», «Звязда» — быў разгорнуты ня супраць найбольш небясьпечнага канкурэнта Лукашэнкі, а дэмакратаў, перш за ўсё супраць дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта — Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча і Генадзя Карпенкі.

Вельмі рэдкія інфармацыйныя выпады супраць А. Лукашэнкі былі выкананыя, у адрозьненьне ад аналягічных акцыяў супраць дэмакратычных кандыдатаў, настолькі непрафэсійна, што гэта кідалася ў вочы. Нэгатыўны PR даў адмоўны эфэкт яго распрацоўшчыкам і рэалізатарам.

Так, напрыклад, 7 чэрвеня 1994 пракебічаўскі публіцыст Іван Антановіч у перадачы Беларускага радыё на падставе таго, што Лукашэнка быццам калісь выступіў на беларускай мове, абвінаваціў яго ў «нацыяналізьме»… Відавочна, што гэтая акцыя была арганізаваная для таго, каб перацягнуць на бок Лукашэнкі частку дэмакратычнага, збольшага беларускамоўнага электарату.