Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 44

Валер Булгакаў

Беларуская эканоміка была ня толькі пабудавана ў савецкі пэрыяд як частка агульнасавецкага гаспадарчага комплексу, яна функцыянавала, па інэрцыі, на падставе тых традыцыяў, якія склаліся ў савецкі час, што ўплывала на якасьць мэнэджмэнту.

У пару існаваньня таталітарнай дзяржавы гаспадарчы абарот рэгуляваўся ня толькі нормамі права, а і пастановамі партыйных органаў. У 1991 годзе гэтая сыстэма развалілася. Рынкавыя мэханізмы ж не былі сфармаваныя. Вынікам таго, што дзяржава фактычна адстаранілася ад рэгуляваньня эканамічных працэсаў, быў «дзікі» рынак.

Беларускім гаспадарчым элітам была патрэбная «моцная асоба», здольная навесьці парадак, хай шляхам вяртаньня да ранейшых мэтадаў кіраваньня эканомікай, перад якой несьлі б асабістую адказнасьць дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў.

Беларуская эканоміка арыентаваная пераважна на расейскі рынак. Для таго, каб мець дастатковую гарантыю выкананьня расійскімі партнэрамі сваіх абавязаньняў, патрэбны быў лідэр, здольны падтрымліваць добрыя адносіны, у тым ліку і асабістыя, з прадстаўнікамі расійскай палітычнай эліты.

Гэта была групоўка прагматыкаў (яе інтарэсы прадстаўлялі, як высьветліцца пазьней, дэпутаты Леанід Сініцын, Віктар Кучынскі, Іван Ціцянкоў, а таксама дзяржаўныя функцыянэры Ўладзімер Гаркун, Міхаіл Мясьніковіч і інш.). Яны ведалі, што ў прэзыдэнта Кебіча ня стане палітычных рэсурсаў, каб быць сапраўдным гарантам іх улады і інтарэсаў. Ім патрэбны быў ня першы сярод роўных, якім быў бы Кебіч, а чалавек, які змог бы быць аўтарытэтным для іх лідэрам, харызматычны палітык, папулярнасьць якога ў грамадзтве была б для іх зарукай стабільнасьці. Яны жадалі стабільнасьці, каб спакойна карыстацца перавагамі свайго статусу, набытага ў ходзе перадзелу дзяржаўнай маёмасьці. Для гэтага ім было недастаткова мець «сваю» бальшыню ў Вярхоўным Савеце і мець пад кантролем пераважную бальшыню СМІ. Сапраўднай стабільнасьці яны маглі дасягчы толькі маючы цалкам «свой» Вярхоўны Савет, толькі «свае» СМІ. Стабільнасьць для іх азначала канцэнтрацыю ўсёй улады ў краіне ў руках «свайго» палітыка і магчымасьць прыняцьця самых жорсткіх захадаў што да тых, хто пагражаў іх статусу і іх інтарэсам.

На гэтую ролю падыходзіў толькі новы чалавек. «Свой» па палітычнай культуры — былы камуніст. Але ня «свой» па статусе — чалавек з генэрацыі партыйцаў, якія на момант развалу Савецкага Саюзу і забароны КПБ у 1991 годзе не пасьпелі заняць высокія пасады. Агрэсіўны, бескампрамісны, харызматычны малады палітык.

Кандыдатура, якая адпавядала ўсім крытэрам, выдзялялася на агульным фоне вельмі яскрава. Гэта быў Аляксандар Лукашэнка, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, чалавек з далёкай (па мерках Беларусі) правінцыі — былы дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёну. У 1993 годзе яму была толькі 39 гадоў.

Можна казаць дастаткова дакладна, калі гэтая групоўка вызначылася з кандыдатурай Лукашэнкі. 4 чэрвеня 1993 году ў складзе камісіяў Вярхоўнага Савету зьявілася новая структура — часовая камісія па барацьбе з карупцыяй. Стварэньне такой камісіі, улічваючы падзел парлямэнту на групоўкі і фракцыі, — зьява не ўнутрыпарлямэнцкага жыцьця. На яе стварэньне павінны былі даць згоду «зьверху». Там жа павінна было быць названа дакладнае імя яе кіраўніка. Гэта зрабілі аўтары праекту «прэзыдэнт Лукашэнка».