Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 115

Валер Булгакаў

7—8 ліпеня сэсія ПА АБСЭ, адбытая ў Пецярбурзе, прыняла рэзалюцыю, у якой выказала чарговы заклік да ўлады і апазыцыі ў Беларусі сесьці за стол перамовінаў. 15 ліпеня Лукашэнка даў згоду на сустрэчу з кіраўніком спэцыяльнай рабочай групы АБСЭ А. Севярынам і кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску Г.Г. Вікам. Лукашэнка пагадзіўся пачаць перамоўны працэс з апазыцыяй наконт (1) распрацоўкі заканадаўства для правядзеньня свабодных, справядлівых выбараў, якія будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, (2) доступу апазыцыі да СМІ, (3) вызначэньня паўнамоцтваў будучага парлямэнту. 21 ліпеня міжнародныя арганізацыі, у тым ліку АБСЭ, заявілі, што тэрмін легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі выгас.

Палітычны спэктакль працягваўся. 21 і 27 ліпеня апазыцыя чарговага разу прадэманстравала сваю слабасьць, вывеўшы ў Менску на дэманстрацыі супраць улады Лукашэнкі толькі 10—15 тысячаў чалавек. 6 жніўня Лукашэнка прызначыў М. Сазонава кіраўніком групы па падрыхтоўцы дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй. У першым жа сваім інтэрвію Сазонаў адзначыў, што Канстытуцыя 1996 году ня можа быць прадметам перамовінаў, ня можа быць і гаворкі аб прэзыдэнцкіх выбарах раней за 2001 год: гэта катэгарычная пазыцыя прэзыдэнта Лукашэнкі. Тэмай перамовінаў могуць быць толькі пытаньне доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ, а таксама абмеркаваньне ўжо падрыхтаванага ўладамі праекту Выбарчага кодэксу.

Такім чынам, яшчэ да фармаваньня дэлегацыяў, якія павінны былі прадстаўляць на перамовінах бок улады і бок апазыцыі, стала ясна іх поўная беспэрспэктыўнасьць (хаця сам зь сябе перамоўны працэс выклікаў вялікі розгалас у беларускім грамадзтве).

18 жніўня апазыцыя вызначылася з кандыдатурамі, якія павінны былі прадстаўляць яе на перамовінах з уладай. Імі сталі палітыкі другога пляну — намесьнікі старшыняў, сябры кіруючых органаў дэмакратычных арганізацыяў: Юры Беленькі (ад БНФ), Аляксей Кароль (ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада»), Алег Трусаў (ад Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады), Леанід Лемяшонак (ад Партыі працы і справядлівасьці), Алена Скрыган (ад Партыі камуністаў беларускай). Узначаліць дэлегацыю было даверана намесьніку старшыні АГП Анатолю Лябедзьку.