Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 28

Гэнрых Сенкевіч

Сапраўды ўласьнік Пагнэмбіна ажаніўся, прыехаў з жонкаю ў свой двор і праўда, што ўзяў за ёю шмат „усялякага дабра“.

— Дык што-ж з таго? — спытаўся Бартэк.

— Маўчы, дурны,— сказала Магда.—Ох!.. як я задыхалася!.. О, Божа!.. Пайшла я пакланіцца пані, гляджу: выходзіць да мяне, быццам каралеўна якая-нібудзь, маладзенькая, як вясьняная кветачка, і прыгожая, як зорка... Вось сьпёка! ух, як я задыхалася!...

Магда пачала выціраць хвартухом свой спацеўшы твар. Праз мінюту яна йзноў казала перарыўчатым ад утомы голасам:

— Вопратка на ёй была блакітная... Я ўпала да яе ног... яна дала мне сваю руку, я пацалавала яе, а ручкі-ж у яе, пахнючыя і маленечкія, быццам у дзіцяці. Пані добрая і спачувае людзкому гору. Я пачала прасіць у яе выратаваць нас... А яна кажа: „Што я магу зрабіць, тое зраблю".

У гэтак прыемны, тоненькі. Калі я расказала, які ў Пагнэмбіне няшчасны народ, дык пані заўважыла: „Эх, ня толькі ў Пагнэмбіне"... Я тут заплакала і яна таксама. У гэты час прыйшоў пан і, як толькі ўбачыў, што пані плача, дык адразу пачаў яе цалаваць у губы і ў вочы. Паны ня гэткія, як вы! Вось яна яму і кажа: „Зрабі для гэтае жанчыны, што можаш". А ён адказвае: „Усё зраблю, што толькі хочаш“. Хай багаславіць яе Маці Божая, хай дасьць ёй здароўе і шчасьце! А пан мне сказаў: „Вы вінаваты, таму што далі сябе апутаць немцам, але ўсё такі, я вас выратую, і дам грошай, каб вы разьлічыліся з Юстам“.

Бартэк пачасаў патыліцу.

— Але, гэта-ж і пан быў у лапах у немцаў — заўважыў ён.

— Ну, дык што! але пані багатая. Цяпер, нашыя паны маглі-б купіць усіх пагнэмбінскіх немцаў, а праз гэтае пану можна гэта казаць. Вось будуць выбары,—сказаў пан, дык трэба, каб усе вы галасавалі не за немцаў, а за сваіх, а грошай на расплату з Юстам я дам і Бэгэ ўціхаміру. Пані за гэта абняла яго, а пан пасьля таго спытаўся пра цябе і сказаў, што калі ты слабы, дык ён пагаворыць з доктарам, які напіша пасьведчаньне, што ты цяпер ня можаш сядзець у вастрозе.—Калі яго ня звольняць саўсім — казаў пан, дык ён адсядзіць зімою, а цяпер ён патрэбен ў гаспадарцы, таму што хутка жніво. Чуеш! Учора пан быў у месьце, а сёньня доктар едзе ў Пагнэмбін з візытам, таму што пан яго запрасіў. Ен ня немец і дасьць табе пасьведчаньне. Узімку будзеш сядзець тутака, як кароль, табе будзе цёпла і жэрці табе дарма дадуць, а цяпер пайдзеш да хаты працаваць. Юсту аддамо доўг, можа пан дасьць бяз ніякіх процантаў, а калі нам ня ўдасца расплаціцца ўвосень, дык я папрашу ў пані пачакаць. Хай яе крые Маці Божая... Чуеш...

— Трэба праўду сказаць — добрая пані — прамовіў Бартэк.

— Пакланіся ёй у ногі, а не, дык я табе галаву скручу. Абы толькі Бог даў ураджай! Цяпер бачыш, адкуль ратунак? Ад немцаў, ці што? ці далі яны табе хаця грош за твае дурныя мідалі? га? яны табе далі па мазгаўні дый годзі. Дык паклонішся ёй у ногі? Чуеш?

— Чаму-ж не пакланіцца! — шпарка адказаў Бартэк.

Здавалася, што лёс ізноў усьмяхаўся пераможніку. Цераз некалькі дзён яму заявілі, што з прычыны хваробы ён звальняецца з вастрогу аж да зімы. Аднак-жа перад гэтым ляндрат паклікаў яго да сябе. Бартэк зьявіўся. Гэты мужык, які са стрэльбаю ў руках захапляў у непрыяцеля штандары і гарматы, цяпер пачаў баяцца кожнага мундзера горш як сьмерці; ён несьвядома адчуваў, што яго прасьледуюць, што з ім могуць зрабіць усё, што захочуць, што над ім ёсьць нейкая вялізарная варожая да яго і злая сіла, якая можа зьнішчыць яго, калі ён здумае працівіцца ёй. Бартэк стаяў перад ляндратам выпрастаўшыся і рукі па швох, як некалі перад Штэйнмэцам. У пакоі, апрача ляндрата, было яшчэ некалькі афіцароў. Бартэку зараз-жа ўспомнілася вайна і вайсковая дысцыпліна. Тыя глядзелі на яго з пыхаю й пагардаю, як і належыць глядзець прускім афіцаром на простага жаўнера і польскага мужыка. Бартэк стаяў, стрымліваючы дух, а ляндрат нешта казаў загадным тонам. Ен не прасіў, не ўгавараваў, але загадваў, пагражаў. Ляндрат заявіў нашаму рыцару, што ў Бэрліне памёр пасол і праз гэта на яго месца будуць выбіраць іншага.