Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 8
Василий Семенович Гигевич
Вы, скептыкі і няверы, спытайце вучоных мужоў і яны пацвердзяць вам, што я — не манюка, што ўсё вышэйпрыведзенае называецца парадоксам блізнюкоў.
Сёння магу сказаць, чым была выклікана такая засакрэчанасць вакол першага ў гісторыі чалавецтва палёту да зор, дагэтуль недасяжных. Хоць, здавалася, усё павінна было быць наадварот: вось і настаў той міг, калі чалавек з зямной калыскі выйшаў па-сапраўднаму і ўпершыню пад сонечным ветразем, разагнаны іонным рухавіком, кіруе да зор — радуйся, радуйся чалавек… Аж не, звышсакрэтнасць спатрэбілася.
Апошнім часам на Зямлі рэзка пачасціліся розныя катаклізмы: землятрусы, цунамі, тайфуны, неверагодныя шматдзённыя ліўні і тут жа несусветныя халады — усё раз за разам абрыньвалася на чалавецтва. Ыкліва раставалі векавыя леднікі, снегавыя палярныя шапкі за дзесяцігоддзі паменшыліся на трэць, Гальфстрым — акіянскае цячэнне — мяняў кірунак, а гэта азначала вялікае абледзяненне ўсёй Еўропы і Англіі, не ўпамінаючы пра гаротныя краіны Скандынавіі.
У зямной атмасферы таксама чорт ведама што тварылася. То ў Афрыцы, то ў Мексіцы — усюды паяўляліся знакамітыя лятаючыя талеркі. Пайшлі чуткі, што ваенныя лётчыкі, якія спрабавалі збіць гэтыя талеркі, тут жа пачыналі хварэць на незразумелыя хваробы, балазе ніякія ракеты тыя талеркі не маглі дастаць, бо яны, талеркі, імгненна разганяліся і гэтак жа імгненна спыняліся, былі бачнымі і нябачнымі.
Людзей днём і ноччу непакоіў загадкавы палтэргейст: прадметы рухаліся самі, у пустых пакоях чуліся галасы, адкручваліся краны і вада з іх цурком лілася, агонь ні з таго ні з сяго ўспыхваў і адзенне на людзях жывых гарэла — жахоцце адно пачалося, а мужы вучоныя — як вады ў рот панабіралі, нічога не маглі сказаць.
Паявіліся людзі, якія сцвярджалі, што ў іх галовах гучаць нейкія галасы, даюць каманды… Некаторыя гаварылі, што іх невядомыя істоты да сябе на лятаючыя талеркі бралі і там над імі аперацыі рабілі. Канечне ж, гэтых, у якіх галасы ў галоўках гучалі, тут жа ў дурку адпраўлялі, лячыць пачыналі, ды толку мала было, бо і сапраўды — мо тыя людзі і не вінаватымі былі?
Вучоныя мужы выступілі з рознымі гіпотэзамі. Адны загаварылі пра гібельны парніковы эфект, які чалавецтва сваёй дзейнасцю стварае, другія — пра чарговы эвалюцыйны этап, які невядома чым скончыцца, — мо нават і машыннай цывілізацыяй, якой чалавецтва не спатрэбіцца, калі хто і застанецца жывым у той цывілізацыі, дык рабом бяспраўным робатаў і машых думаючых будзе абслугоўваць, а трэція вылучылі гіпотэзу, што Зямля — жывы арганізм накшталт клеткі…
Як гэта заўсягды вядзецца ў вучоным свеце, палкія спрэчкі разгарэліся наконт апошняй гіпотэзы. Бо і праўда, калі пагадзіцца, што Зямля — жывы арганізм, які думаць можа, то што ж тады атрымліваецца, браточкі родныя? Кім жа тады чалавек з’яўляецца? Дзеля чаго і навошта ён на Зямлі існуе?..
О-о, колькі мудрагелістых пытанняў паяўляецца, калі пагадзіцца, што Зямля — жывы арганізм! Скажу адразу: не бяруся вырашаць гэтыя пытанні, вам іх пакіну…