Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 43
Василий Семенович Гигевич
Прыгажуня ненаглядная ўспомнілася, мабыць, з адчаю тэлевізар пабіла і цяпер з надзеяй пазірае ў акно, мяне чакаючы…
I радкі паэтэсы ўспомніліся:
Гэты вечар не твой,
Гэта ноч не мая…
I яшчэ радкі аднаго паэта ўспомніліся:
А была, толькі ночка была,
Толькі ночка на ранішняй сіні,
Калі ішоў я ўскраем сяла,
Калі кані застацца прасілі…
Быў ён тады малады, прыгожы і з лёгкасцю, як гэта бывае ў маладосці, пакідаў родны дом, усё спадзяваўся на шчасце, якое чакала там, удалечыні…
I яшчэ мне падумалася пра сінявокага сямнаццацігадовага хлопца, які захварэў на сухоты. Быў ён у той час далёка ад радзімы, сумаваў па родным краі. I ведаў, што памірае. Ведаў і напісаў:
Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Чаму ж ён быў не самотны перад адыходам туды, дзе энергетычныя палі, дзе чорныя дзіркі, дзе ненажэрная пустэча?
Ён усяго толькі і меў радасці — кнігу тоненькую, у якой пісаў, як у бубны дахаў вецер б’е, як у лесе гул магутны чуецца — то лясун гудзе… I яшчэ ён пісаў пра нас тагачасных:
Краю мой родны!
Як выкляты Богам —
Столькі ты зносіш нядолі…
9
А тады я і пытаю ў гуманоіда:
— Скажы, як на духу, навошта мы вам спатрэбіліся, калі вы такія разумныя? Думаю, вы не проста да нас свае талеркі пасылаеце. Не проста ж вы мяне тут улагоджваеце: і рознымі кашамі корміце, і крэсла-ляжанку падсоўваеце, і дасягненні свае паказваеце, сакрэтаў сваіх не хаваеце. Вы ж, мабыць, і палтэргейст у нас робіце, так?
А ён мне:
— Так, можам рабіць на адлегласці. Праз глюонныя сувязі мы яго можам рабіць, дзе захочам. Не толькі ў сябе на Дзэце, але і на вашай Зямлі. Атрымліваецца поўная матэрыялізацыя: і гукі ствараем, і пахі, і прадметы можам варочаць… Лятаючыя талеркі, якія вы сустракаеце на Зямлі, ёсць не што іншае, як тварэнне глюоннага генератара, — ён стварае ілюзію рэальнасці, таму вы ніяк і ніколі не можаце злавіць ці збіць нашы плазмоіды… Канечне, не без гэтага, — час ад часу мы і самі прылятаем да вас, каб паназіраць і пракантраляваць, што ў вас творыцца. Мы адкрываем новы этап пазнання прыроды. Як чалавеку разумнаму, скажу табе: ў нас з’явілася невялічкая праблема.
— Ну, кажы, кажы пра сваю праблему, — прыспешваю я яго, і адчуваю: вось яно, галоўнае, пачынаецца, вось той кручочак, на які, быццам на жыўца, хоча злавіць мяне Лупавокенькі.
— Па незразумелай прычыне ў апошні час працягласць жыцця гуманоідаў пачала скарачаецца. Робіць, робіць гуманоід, толькі-толькі яму надыходзіць пара ісці на адпачынак, а ён… I яшчэ адно назіраецца: тоўстыя — таўсцеюць, тонкія — худзеюць… Мутацыйны працэс рэзка павялічыўся. А ўсё гэта — выдаткі вытворчасці, прадукцыйнасць падае, эфектыўнасць дзейнасці набліжаецца да нуля цэлых нуль дзясятых працэнтаў. Планы, а яны ў нас, павер, аграмаднейшыя, рушацца. Да ўсяго ж яшчэ мікробы на нас наваліліся. I труцім мы іх, і лякарствы найноўшыя прымяняем, а яны імгненна мадыфіцыруюцца і зноў плоймаю на нас навальваюцца. Вось таму ты нідзе на адкрытым паветры нас не бачыў. Гэтае паветра мы так стэрылізуем, так стэрылізуем, а толку — ні на іголку… У лясах і палях, ты сам бачыў, мы парадкі збольшага навялі: дзе — павыбівалі лішняе звяр’ё, а дзе — патруцілі, лішнія расліны, нам непатрэбныя, мы пестыцыдамі вывелі. У моры сваім мы рыб драпежных знішчылі, сем відаў пакінулі. А вось што рабіць з вірусамі — ніяк не можам разабрацца.