Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 42

Василий Семенович Гигевич

— Дык у чым жа сутнасць тваёй звышновай філасофіі? — пытаю.

Ён адказвае:

— НАМ УСЁ ДАЗВОЛЕНА.

Я зусім сумеўся, гледзячы на гэтага метровага бязносага гуманоіда, якому ўсё дазволена. I не ведаў, шчыра скажу, ці плакаць мне, ці смяяцца… А яму было не да смеху, ён далей мне прарочыў:

— Гэта наша галоўная запаведзь. I яшчэ ў нас ёсць запаведзі:

ГУМАНОІД — САМАЕ ДАСКАНАЛАЕ СТВАРЭННЕ Ў СВЕЦЕ.

УСЁ Ў СВЕЦЕ I СУСВЕЦЕ ТОЛЬК ДЛЯ ПАТРЭБ ГУМАНОЩА.

Мы даўным-даўно вырашылі праблему, над якой вашы філосафы якое стагоддзе голавы тлумяць — хто перад кім танчыць: вы перад Зямлёю і Сусветам, ці — Зямля і Сусвет перад вамі? Мы, мы гаспадары не толькі нашай Дзэты, але і Сусвету. Сам бачыш, якія агромністыя піраміды мы пабудавалі для сваіх патрэб, сам бачыў нашы падземныя заводы і тунэлі, сам бачыў нашы агромністыя караблі на моры, сам бачыў нашы лятаючыя талеркі, сам бачыў, які парадак мы навялі на нашай Дзэце. Мы яшчэ не тое зробім. I, павер на слова, нішто нас не стрымае, супроць прагрэсу не папрэш… Мы Дзэту ўдасканальваем, як хочам, для сваіх патрэб яе ладзім.

Тут ён нечакана, ні з таго ні з сяго, на крэсліца ўскочыў, застыў там, лапку да мяне працягнуў і гучным басам, у мяне аж у вушах заклала, сказаў:

— Мы не можам чакаць літасці ад Дзэты, узяць яе ў свае лапкі — наша задача!

Пасля гэтага ён з крэсліца спусціўся, але не супакоіўся:

— I ў філасофскім плане ў нас поўны парадак. У нас яшчэ ёсць запаведзі, на іх я табе намякаў дагэтуль.

ФАНЦІКІ — ГЭТА ЧАС.

Без фанцікаў, як і без часу ніводная цывілізацыя не можа існаваць. Знайшоўся ў вас некалі адзін чалавек, які на фанцікі замахнуўся, мянялаў з храма пачаў выганяць… I што вы з ім за ягоныя выхадкі зрабілі? На крыж яго і — цвікамі калёнымі да дрэва, цвікамі… Каб іншым непанадна было на фанцікі замахвацца, яго, укрыжаванага, вы побач з разбойнікамі на гары вывеселі…

I яшчэ ёсць запаведзь:

ЖЫЦЦЁ — СОН.

Добрая гэта запаведзь, добрая…. Яна вашых людзей будзе супакойваць лепш за наркотыкі…

На аснове гэтых запаведзяў мы будуем новую мараль. Падумай добра, чалавек разумны, і ты сам са мною згодзішся.

I знік Лупавокі, растаў, бы міраж.

Я быў агаломшаны, цяжка ўздыхнуў. Падумаў, яшчэ трохі — і пачну верыць, што жыццё — усяго толькі сон…

Вочы заплюшчыў і сам з сабою, разумным, пачаў гутарку. Адзінота на мяне добра дзейнічае. Але не пра гэта цяпер хачу гаварыць.

Пра жыццё я думаў, пра смерць…

Зачапіў, надта зачапіў маю душу сваімі разважаннямі гэты Лупавокенькі. Як і многія, я не кожны дзень думаў пра смерць, пра сэнс імгнення пражытага. Я — звычайны чалавек са звычайнымі чалавечымі слабасцямі, я не філосаф, і нават не палітык — гэта ім усё да дробязей вядома…

Зноў брат успомніўся, — як моршчыцца ягоны твар пад вечар, калі ён пасля рыбалкі стомлены садзіцца ў легкавік і ўсё хапае таблеткі гаючыя…

I пра рыбалку ўспомнілася, і не летнюю, а тую, зімовую, — калі халодны вецер студзіць пальцы, калі бачыш, як дрогкі лёгкі паплавок усплывае на паверхню вады і кладзецца набок, тут ужо не праваронь толькі — рывок вудачкі ўгору… I адчуванне ільдзініста-халоднай рыбіны, мо нават і ляшча, што пругка нацягвае жылку… А затым — позірк у беласнежную далеч, дзе горбяцца рыбакі, якія пільнуюць сваё шчасце… А ты глядзіш на варон, што кружаць і кружаць над рыбакамі, каркаючы, перагаворваюцца між сабою і ўсё чакаюць, калі хто з іх адвернецца, каб імгненна скрасці ягоную рыбіну… I разумееш нечакана, што для цябе, як і для гэтых рыбакоў, сцішана-затоеных, галоўнае — не рыбалка, не, галоўнае — адчуванне прасторы і свабоды, што цешаць душу…