Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 12
Василий Семенович Гигевич
Правільна, правільна вы падумалі — паказаліся яны, знакамітыя гуманоіды, якіх вось ужо каторы годзік чалавецтва сустракала на Зямлі.
«Гэтулькі людцаў ні за што ў дурку запёрлі», — зноў чамусьці падумалася мне пра тых няшчасных, якія людзям праўду хацелі сказаць. Былі гуманоіды розныя — нашы зямныя сведкі не хлусілі, — і высокія, метры пад тры, худыя плоскія дылды, і маленькія, не болей за метр, пузаценькія карлы, пра якіх гэтак часта пісала зямная прэса і якіх аблюбавалі хваткія кінарэжысёры. Г аловы ў іх — і без мяне ведаеце — былі авальныя, нечым нагадвалі яйка курынае, вочкі вузкаватыя, выпуклыя і неміготкія. Замест вушэй і носа дзірачкі меліся.
I яшчэ я змікіціў — лапкі і ногі іхнія былі гнуткія, бы шлангі гумовыя, вадою залітыя. Колеру гуманоіды былі рознага, карлы — зеленаватыя, а дылды — зямліста-шэрыя… I яшчэ заўважыў — як толькі дылды да мяне бокам станавіліся, яны ледзьве бачыліся, надта ўжо танюсенькімі былі…
Усе — і карлы, і дылды — як толькі са сваіх талерак выбраліся, тут жа мой пасадачны модуль акружылі, пільна на яго ўтаропіліся.
Шлюзы пасадачнага модуля самі па сабе адчыніліся, — як чалавек кемлівы, я здагадаўся, што зноў палтэргейст спрацаваў, — і, хочаш не хочаш, а давялося да гэтых нялюдскіх стварэнняў падавацца. Канечне ж, перад гэтым бартавая аўтаматызаваная сістэма праверыла атмасферу Дзэты — аказалася яна гэткай жа, як і на Зямлі. I тут мне цюкнула, чаму ж гэтыя стварэнні нашу Зямельку аблюбавалі…
Толькі паказаўся на лесвіцы пасадачнага модуля, як нялюдскія стварэнні лапкамі на мяне пачалі торкаць, за галоўкі хапацца — мабыць, я ім надта брыдкім паказаўся.
Паверце, яны мне таксама не анёламі падаліся.
Чамусьці ўспомніў беларусачак нашых, самых прыгажэйшых ва ўсім свеце: у спаднічках кароценькіх, у сукеначках прыталеных з доўгімі выразамі, што ножанькі прыадкрываюць, у кофтачках лёгенькіх… I як скоса, пры патрэбе, яны ўмеюць у самыя вочы зазірнуць — да сэрца працяць токам салодкім і тады ўжо — гэтак атрымліваецца — памяць траціш і ляпечаш, ляпечаш чорт ведама што, а яны з цябе тут жа вяроўкі віць пачынаюць і вяроўкамі гэтымі душу тваю спавіваюць…
I ўпершыню сумненне прарэзалася: а ці варта было сюды перціся, каб гэтаю брыдотаю любавацца?
Спусціўся з лесвіцы пасадачнага модуля, удыхнуў сухое, з нейкім хлоркава-бальнічным пахам, паветра — з непрывычкі аж у галаве закружыла — і ўбачыў, як з гурту вытыркнуўся маленечкі, з метр ростам, зеленаваты пузаценькі гуманоід і да мяне падаўся.
Я аслупянеў, успомніўшы інструкцыі і рэкамендацыі наконт кантактаў з іншымі цывілізацыямі: не набліжацца без патрэбы да незямной істоты, не рабіць рэзкіх рухаў, першаму на кантакт не ісці, зброю мець, але зноў жа — без патрэбы не прымяняць… Хоць пра якую тут зброю магла весціся гаворка, калі гэтыя карлы і дылды напрамую свае думкі ў маю галаву перадавалі?
Зноў у галаве сваёй пачуў голас незямны. Але на гэты раз то быў не важны тасаўскі левітанаўскі бас, не… То быў звычайны чалавечы голас, нейкі нават і ласкавы, — гэткім галаском звычайна жанчыны запрашаюць у хату дарагога госця: заходзьце, родненькі мой, ужо стол для вас накрыты…