Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 86

Ольга Михайловна Ипатова

Таму сустрэў Нестара насьцярожана, загадзя рыхтуючыся да спрэчкі і доказаў сваёй праўды. Аднак сьвятар ня стаў узгадваць пра саракавіны. Сказаў адразу, як толькі блаславіў князя:

— Адпусьці, мой сын, з цямніцы Антонія.

— Гэта каго? — не адразу зразумеў Альгерд. Ён не цярпеў, калі сьвятар называў яго «сынам», і той казаў так вельмі рэдка, калі быў настроены рашуча і гатовы быў спрачацца з князем да апошняга.

— Кумца, — патлумачыў Нестар. — Ён пакутуе толькі за тое, што хрысьціянін. Гэта несправядліва. У Вільні шмат купцоў заходняга хрысьціянства, яны маюць свае храмы. І ўсходняга абраду таксама. Цьверычы, якія сюды пастаянна прыязджаюць, таксама ўжо спадобіліся ісьціннай веры. А хлопец у дадатак і твой былы прыдворны. Няўжо ты не шкадуеш маладое жыцьцё? Я дзень і ноч малюся дзеля таго, каб зьмякчыць тваё сэрца.

— Але ж ты колькі разоў ужо прасіў за Кумца, і я табе адмаўляў. Дык як ты асьмельваешся малаціць дзясяты раз адно і тое ж?!

— Ня злуйся, вялікі князь. На гэты раз ёсьць і зьмены. Цябе прыйдуць прасіць за Няжылу. І ты яго адпусьціш. Хаця ён злодзей і ўкраў смарагды.

— Якія зьмены?

Твар Дзівейны плыў перад Альгердам, і не было сіл адмовіцца ад яго. Князь паматляў галавой.

— Няжыла адмовіўся ад хрысьціянства, якое спавядае ягоны брат. Жрацы прыйдуць да цябе з просьбай зноў узяць падчашага да цябе на службу. Розгалас аб гэтым ужо ідзе па Вільні.

І дадаў з горыччу:

— Бурыла ўжо абвясьціў, што Пярун і Вялес даруюць адступленьне ад ісьціннай веры. Кажуць, гэта адбылося па маленьню гэтай… дзяўчыны, якая падносіла табе агонь.

— А прычым тут дзяўчына?

— Яны ўсё робяць, каб паказаць, што могуць дамагчыся болей, чым хрысьціяне. Каб проціпаставіць свае дзівосы ісьціннаму Богу. І таму мне так цяжка змагацца з гэтай цемрай.

Альгерд раздумваў. Вярнуць Няжылу ў замак? Сапраўды, ніхто не даказаў, кім жа ўкрадзеныя смарагды. Ніхто ня ведае ісьціны, і ці ня зьдзівяцца людзі, чаму ўвогуле застаўся жывым такі страшны злачынца? І ён дакараў сябе, што адклаў рашэньне аб лёсе гэтага хлопца. Трэба было ўсё ж пакараць яго. Тады не давялося б зноў гуляць па правілах жрацоў, а не паводле сваіх меркаваньняў…

У пакой нячутна сунуўся бледны отрак, ён чакаў, пакуль вялікі князь зьверне на яго ўвагу, і толькі пасьля дазваляльнага знаку прашаптаў:

— Да гаспадара просіцца вялікі жрэц Перуна Бурыла.

— Ну што я казаў? — падняўся з крэсла сьвятар.

— Я пакуль што не дазволіў табе ісьці, — сурова мовіў Альгерд.

— Ты забыўся: я ня твой слуга, княжа.

— Але ты прыйшоў да мяне з просьбай.

— Ня дзеля сябе. Дзеля літасьці і сьвятла для юнака, якому адкрылася ісьціна.

— Наконт ісьціны мы шмат з табой спрачаліся яшчэ ў раньнія гады. Я памятаю, якім ты быў у Віцьбеску. Ты цяпер стаў куды больш згаворлівым, Нестар, але і зараз ты ня хочаш разумець, што я не магу рабіць так, як загадвае мне сэрца. Я — гаспадар княства!