Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 87

Ольга Михайловна Ипатова

— Гэта значыць, што ты не адпусьціш Антонія? Але адпусьціш злодзея, які ўкраў каштоўную рэч, толькі таму, што аб гэтым будуць прасіць жрацы?

— Ён ня злодзей, — глуха адказаў Альгерд. — Ты, ойча, многага ня ведаеш. Таму — не асуджай мяне. Ідзі з мірам. Я ня выканаю тваёй просьбы, колькі б ты яе ні паўтараў.

— Я таксама жадаю табе міра. Але яго няма ў тваёй душы. Што ж, я заўсёды гатовы дапамагчы табе, толькі пакліч.

— У мяне няма патрэбы клікаць цябе. Пакуль што.

— Я паўтару табе, княжа, безьліч разоў: калі табе патрэбна будзе дапамога, я ўсё роўна прыйду да цябе.

— Ты, выходзіць, на мяне, як сапраўдны хрысьціянін, ня крыўдзішся, хаця я і адмовіў табе, ойча?

— Я — толькі служка Госпада. Гэта яму ты адмовіў сёньня. Памятай пра гэта, вялікі гаспадар…

ПАГАДНЕНЬНЕ

Высокі, як заўсёды чыста паголены Бурыла ледзь не даставаў галавой вышыні дзьвярэй. Альгерд пайшоў яму насустрач, але не схіліўся перад вялікім жрацом, як бывала гэта раней, і госьць адзначыў тое з прыкрасьцю, але не паказаў сваіх пачуцьцяў.

— Заўсёды рады вітаць вярхоўнага жраца вялікага Перуна.

У голасе вялікага князя было ледзь улоўнае зьдзіўленьне — роўна настолькі, каб прымусіць нечаканага наведвальніка адчуць няёмкасьць ад таго, што прыехаў зьнянацку. Але той не варухнуў і брывом. Агледзеў залу, дзе ня быў з таго дня, як вялікі князь рабіў тут свой першы прыём для жрацоў усіх язычніцкіх капішчаў Вільні — першы пасьля яе гвалтоўнага захопу і ўцёкаў пастаўленага бацькам Гедзімінам на сталец брата Яўнута. З таго часу гаспадар княства часта мусіў ісьці да жрацоў, прыносячы багам багатыя і пышныя ахвяры, гадзінамі прастойваючы ў час вялікіх маленьняў перад іхнімі выявамі.

— Тут не было гэтых… тканак, — з цікаўнасьцю ўгледзеўся жрэц у сьцены. Сапраўды — вялікія тканыя шпалеры з кветкамі і падобныя на шары пладамі на зеленавата-шэрым фоне зусім нядаўна падарылі Альгерду паслы Папы. Ярка-аранжавыя нетутэйшыя плады рабілі залу ня гэткай змрочнай, як заўсёды. Зброя, што вісела на сьценах і раней, адзіная ўпрыгожвала сьцены, цяпер нібы страціла свой ваяўнічы і злавесны выгляд і мякка адблісквала ў промнях няяркага, яшчэ слабога сонца. Трашчалі дровы ў вялікім каміне, абкладзеным зялёнымі кафлянымі пліткамі, на якіх карычнева выдзяляўся трызубец — сямейны знак Гедзіміна.

Бурыла сеў на крэсла, пачціва падстаўленае яму служкам, расшпіліў аплікі багата аздобленага залатымі шнурамі суконнага каптана, з-пад якога паказаўся вялікі залаты медальён-зьмеявік, і строга зірнуў на князя.

— Пакараньне зламысьнікаў заўсёды прымушае простую чадзь схіляцца перад уладай і пачціва прымаць усе законы, якія мы даём людзям дзеля іхняй жа карысьці, — сказаў ён, выдзяляючы кожнае слова.

— Пра каго ты гаворыш, вялікі жрэц?

— Пра любога, хто не выказвае пакоры багам.

— Але ж ня дзеля таго, каб я пачуў тое, што добра ведаю, ты ўспароў мяне з ложку? Нешта здарылася, аб чым мне не сказалі?