Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 84

Ольга Михайловна Ипатова

І ўвесь той дзень ён быў як апоены нечым: яна, толькі яна стаяла перад ім — цнатліва-белая, як яблыня ў квецені. Недзе па баках ад яе хаваліся погляды, якія ён заўважыў і схаваў глыбока ў памяці: затоена-зласьлівы Бурылы і радасна-дзёрзкі Нары. А яшчэ — чамусьці разгублены — ваяводы.

Ваявода сапраўды разгубіўся: вялікае ўражаньне ад Дзівейны, стаўленьніцы жрацоў, было ў Альгерда настолькі відавочным, што гэта магло скончыцца для яго самога кепска. Ён раскрыў клубок змовы, але пра гэта ведалі толькі тры чалавекі. Калі ж вялікі князь, зачараваны дзяўчынай, раскрые ёй таямніцу, яго, ваяводу, можна толькі пашкадаваць. Ён зьнікне ці то ў водах Вяльлі, ці то ў страшных сховішчах храмаў, і ніхто ніколі не даведаецца пра яго…

Такое ж адчуваньне было і ў вознага Сухты. Гэта ён ставіў бяссонную варту ля камяніцы Дзівейны і ля храму багіні Лялі. Ён падкупляў прыслугу і там, і там. І як толькі штосьці стане вядома гэтай прыўкрасна-страшнай у сваёй нялюдскай гожасьці дзеўцы — яго, менавіта яго абяруць чарговай ахвярай, якую трэба аддаць багам, каб яны ня гневаліся на вільнянаў. Гарэць яму тады на сьвятым вогнішчы, з вырваным языком, каб ня выкрыкнуў у апошнюю хвіліну якую-небудзь таямніцу, якую ведаюць толькі яны, сапраўдныя гаспадары Вільні! Возны ня быў прыхільнікам хрысьціян, але паступова агіднымі рабіліся яму оргіі ў багіні каханьня, а таксама тое, што высокія баяры-язычнікі мелі па некалькі жонак і мноства наложніц. Ён любіў сваю жонку і не хацеў больш нікога, нават у Купальскую ноч. Цяпер яму заставалася адно — служыць вялікаму князю, і малады чалавек за гэтыя тыдні паступова прыходзіў да высновы, што гаспадар у краі павінен быць адзін. Тое, што калісьці вялікі Гедзімін і жрацы былі заадно, цяпер мянялася. Альгерд іншы, і іншыя цяпер стасункі паміж уладай і багамі.

Альгерд адчуў і іхнія настроі, і тых, хто радаваўся яго мораку: Мікша там, далёка ад магілы, глядзеў на яго змрочна і з надзеяй. Князь ведаў і адчуваў Мікшаву, а разам з ім і многіх іншых надзею: а можа ўсё вернецца на ранейшы кон? Калі замест хрысьціянкі Марыі вялікай княгіняй стане ня прышлая, не заморская, а свая?

Але гэта ўсё асэнсаваў ён пасьля.

А цяпер ледзь вытрымаў Гаспадар заканчэньне маленьня, а пасьля і паніхіду ў хрысьціянскім храме. Змушаны быў загадаць Нестару скараціць яе. Плылі ў ягоных вачах сьвечкі, жоўтымі плямамі клаліся на маелікавую падлогу. Твар Марыі, калі спрабаваў яго ўявіць, таксама струменіўся і мяняўся да непазнавальнасьці, а замест яго ўсплываў іншы — яе, Дзівейны! Вогнішча чыстага, толькі што створанага агню клалася на яе аблічча, яно трапятала, сьвяцілася. Ільняная сукня вымалёўвала абрысы прыўкраснага цела…

Так доўжылася тры дні. Ён не выходзіў са сваёй лажніцы, толькі піў ваду і адвар карэньняў дзівасілу, як пасьля моцнай атруты. Паслоў прымаў за яго ваявода Гаштольд.

Альгерд дакараў сябе: выходзіць, жрацы мацнейшыя за яго, вялікага князя! Ён зноў і зноў уяўляў сабе велізарнае сьвяцілішча Перуна: дзесяцімятровыя сьцены, трохпавярховая цагляная будыніна, каля якой, пад неймаверна старадаўнім дубам, стаяла медная постаць вярхоўнага бога, чые маланкі забівалі непакорных. Дваццаць прыступкаў, што вялі да алтара, мелі выявы месяца ва ўсіх яго квадрах, па іх можна было прадугледзець зацьменьні на сотні гадоў наперад. Гэтак жа можна было і прадбачыць будучае кожнага — але жрацы ўжо не маглі адолець старадаўняй навукі, як тое рабілі іхнія папярэднікі для знатных людзей Вільні, ня кажучы ўжо аб простай чадзі. Можа, таму, што рабіліся ўсе больш цяжкімі для падарожжаў у нязнаны сьвет, там, дзе ўсе рэчы, падзеі і думкі знаходзяцца ўсе разам, не разьдзеленыя ні часам, ні лёсамі.