Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 88

Ольга Михайловна Ипатова

— Табе і не маглі гэтага сказаць: толькі сёньня ў капішча прыйшла вестка аб тым, што бяглянка, якая адмовілася служыць багам, жыве сабе ў Нямеччыне і не зьбіраецца вяртацца.

— Ты гаворыш пра Уну, дачку пасла Леся, якая зьнікла колькі месяцаў таму? Адшукаў яе брат?

— Думаю, што гэты нягоднік сам дапамог ёй уцячы, хаця хлусьліва прыкідваўся, што для яго гэта таксама вялікая навіна.

— Мне якраз здаецца, што Круглец — шчыры і добры хлопец. Калі ён так гаворыць, значыць, сапраўды ня ведае, дзе ягоная сястра.

— Гаспадар, ты можаш яго праверыць: няхай ён сам прывязе сястру ў Вільню.

Альгерд раздумліва глядзеў на Бурылу.

— Але яна — знатная баярыня. Нягожа цягнуць яе сілком, як цёлку на вяроўцы. Бачыш, як ня хоча яна служыць Перуну. А ты, помніцца, казаў, што дзяўчына толькі і марыць аб тваім храме… Што ж — ёсьць сотні іншых, выберыце сабе. З Лесем мы сябравалі. Ён шмат зрабіў для Княства і для майго бацькі Гедзіміна, і я не хацеў бы…

— Вялікі гаспадар! — перабіў яго жрэц. — Калі ня будуць слухацца багоў знатныя баяры — ня стане таго рабіць і простая чадзь. Трэба добра пакараць зламысніцу — нягледзячы ні на заслугі бацькі, ні на знатнасьць ейнага роду. Як жа ты хочаш, каб у нашым Княстве быў парадак, калі людзі ня будуць ведаць цяжару сваіх абавязкаў і несьці іх, як належыць!

У голасе Бурылы Альгерд злавіў нязвыклую для таго гарачнасьць і насьцярожыўся. Але не паказаў таго. Наадварот, спытаўся як бы між іншым:

— А дзе жыве Уна?

Бурыла махнуў рукой, нібы падкрэсьліваючы тым, што гэта дробязь.

— Калі гэты мудрэц паедзе, мы яму скажам, дзе яна. І дадзім двух жрацоў, каб яны… дапамагалі.

— Але пакуль ты скажы гэта мне, — сьцішана прамовіў князь. Ён адчуваў размову, як гульню ў варцобы альбо паядынак на дзідах. Праціўнікі ходзяць адзін вакол другога, шукаюць слабое месца, каб пасьля сабраць усе сілы і перамагчы.

— Яна ў Хайдэльбергу, — спакойна мовіў Бурыла, толькі на імгненьне зялёным выбліснулі яго вочы.

— Яна што, купіла там дом? Ці здымае жытло?

— Ці не зьбіраешся ты, вялікі князь, сам паехаць за ёю? — з усьмешкай паглядзеў на яго жрэц.

— Я не хацеў бы, каб за ёю паехаў ты, — таксама нібыта жартуючы, усьміхнуўся і Альгерд. — Тут столькі ўсялякіх спраў, як жа мне спраўляцца без цябе?

— Якраз я і хачу пагаварыць пра справы, — Бурыла адразу перайшоў на заклапочаны тон, паказваючы, што ўсё, аб чым яны тут толькі што гаварылі, было ня самым значным.

— Кажы. Пра што ты?

— Пра тваю жаніцьбу, княжа, — цьвёрда гледзячы ў вочы Альгерду, адсек вярхоўны жрэц.

— Гэтым займаюцца паны-рада. Ды і ня час: усяго сорак сем дзён прайшло, як княгіня памерла.

— Гэтыя звычаі ўвялі хрысьціяне. Нашыя ж гавораць пра тое, што адразу пасьля трызны, калі праводзілі душу ў Ірый, кожны зноў можа выбіраць сабе спадарожніцу жыцьця. Яшчэ раней жонкі абавязкова ішлі ўсьлед за мужам, але ўжо Гедзімін пакінуў зямны сьвет без гаспадыні. Думаю, душы яго там няўтульна. Але так захацелі вы, ягоныя сыны, і мы, жрацы, праявілі слабасьць.