Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 85

Ольга Михайловна Ипатова

Выходзіць, будучае існавала, але як угадаць яго нават на некалькі крокаў наперад?

Вялікі князь таксама ня ведаў свайго будучага. Адно ён вызначыў цьвёрда: ніколі, ніколі ня возьме ў жонкі Дзівейну. І нават не таму, што за ёю стаялі Бурыла, Нара і вешчыя старцы, а яны, хаця яшчэ моцныя, усё ж адыходзілі, як адыходзіць час язычніцтва.

Дзівейна — гэта сьмерць вялікай княгіні Марыі, гэта здрада і морак. Гэта жаночая сіла, якая накіраваная не на стварэньне і сьвятло, а на захоп і валадараньне. З-за гэтай сілы давялося ў пракаветныя часы вырываць уладу з рук Жанчыны і ўтаймоваць яе сілай. Аднак, як помсьцячы за тое, яна часам вырываецца з усіх путаў і авалодвае мужчынам. Варта яму толькі аднойчы саступіць.

Яму ж на тыя гады, што засталіся, патрэбная спадарожніца. І, апроч таго, саюзьніца. За ёю павінен стаяць нейчы меч, войска, сіла, якая дапаможа яму ў цяжкі час.

Такой сілай маглі б быць цьверычы. Ён ня раз дапамагаў ім у барацьбе з маскавітамі. Разам яны маглі б выстаяць і перад маскавітамі, і перад крыжакамі. Тыя лезьлі ў край, як клапы: тачыліся ў кожную шчыліну, шукалі кожную зачэпку. Зноў і зноў зьвярталіся да Папы, да іншых гасудароў, схіляючы іх на свой бок. І ўсё дзеля таго, каб захапіць чарговы кавалак зямлі, пашырыць свае ўладаньні. Ім усё мала. Кажуць, іхні замак у Мальбарку расьце ледзь не да неба. Вялікі магістр, калі адчыняе акно, утыкаецца ў аблокі. Вядома, гэта росказьні, але лазутчыкі сапраўды расказвалі пра гэтую цьвержу крыжакаў цуды. Казалі пра добра прадуманую сістэму пропуску, пры якой у замак ня мог пралезьці нават пацук, пра сістэму абпаленых гліняных трубак, што гнала з падполу цяпло ажно на самую вышыню цьвержы, пра тое, што абведзены ракой, замак супрацьстаіць любой хваробе, што прыносяць вецер і непагадзь. Яму, Альгерду, пакуль што такое недаступна. Замак у Вільні нашмат бяднейшы, чым у Мальбарку, бо абапіраецца князь толькі на сваю зямлю ды на тое, што назьбіраў і назапасіў ягоны бацька, вялікі Гедзімін.

Раніцай чацьвёртага дня да яго папрасіўся Нестар. Альгерд прыняў яго з неахвотай. Отрака, што перадаў просьбу, выкінуў з лажніцы, толькі праз паўгадзіны паклікаў яго зноў і загадаў прывесьці сьвятара ў малую тронную залу. Адчуваў перад ім няёмкасьць — шанаваньне саракавін пасьля сьмерці Марыі прайшло больш урачыста па язычніцкім, а не хрысьціянскім абрадзе. Здагадваўся, што ўжо ўсе паслы адпісалі ў свае краіны тое, што пры двары Альгерда існуе вялікая згода паміж князем і язычніцкімі жрацамі, — а гэта ўзмацняла пазіцыі крыжакоў і Масквы, Цьвер жа, як і Ноўгарад з Псковам, тым былі прыніжаныя. Прыніжаны быў і Нестар — усе ведаюць, што хрысьціянскаму храму аддаў вялікі князь куды меней часу, чым жрацам.