Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 77

Ольга Михайловна Ипатова

Дзівейна такімі ведамі не валодала: у храме Ашвінаў галоўным было высьпяваньне душы, а цела лічылі толькі ейным храмам.

Таму жрацы імкнуліся, каб дзяўчына як хутчэй стала жывым увасабленьнем самой багіні і зацьміла ўсіх жанчын Вільні, нават сваю славутую сястру. Мэта апраўдвала ўсе высілкі: Дзівейна мусіла стаць выратаваньнем для ўсяго язычніцтва ў краі! Таму сам Бурыла прыязджаў у дом Дзівейны, каб вучылася яна разуменьню, што ёсьць вялікая палітыка, і зьвяртаўся да яе з пачцівасьцю, якая кружыла дзяўчыне галаву.

Месяцы ляцелі хуткамгненна, і неўзабаве дзяўчына павінна была зьявіцца ня толькі перад маладымі прыдворнымі, якія атабарыліся ў храме і ў доме ейнай сястры, часта прыходзячы ў дом Дзівейны, але і перад усёй Вільняй.

Альгерд, слухаючы бясконцыя размовы прыдворных пра гэтую надзвычайную прыгажуню, пра яе голас, думаў, што жрацы прымеркавалі ўсё як мае быць: такой дзяўчынай мог бы сапраўды зацікавіцца і сам гаспадар Княства. Мог бы, каб ня тая размова ў троннай залі, перад самым пахаваньнем жонкі, і ня досьвед, з якім ён ужо добра бачыў усю тонкую гульню вярхоўных жрацоў, што рыхтавалі яго да Вялікай Сустрэчы.

Калі ж яны выплюхнуць на яго сваю красуню? Мабыць, на завіваньні вянкоў, калі Маці Сырая Зямля абуджаецца ад зімовага сну і маладая бурлівая сіла бяжыць па жылах нават сівых старцаў? А ён жа ня быў старцам, а быў мужчынам у поўным росквіце сілаў, і нездарма вакол яго двара ўжо, нягледзячы на тое, што па звычаях хрысьціян трэба было трымаць гадавую жалобу па княгіні, пачыналі віраваць залёты замежных паслоў…

Ён ужо нават чакаў Дзівейну. Хацеў памерыцца сілаю са жрацамі, абдурыць іх, пераўзысьці розумам і хітрасьцю. Адчуваў: яму патрэбна гэтае процістаяньне, яму патрэбная перамога. І ніхто ня мог яму дапамагчы ў тым процістаяньні. Нават Лойка. Нават Лойку ня мог ён давяраць болей. І ён з горыччу думаў, што «яны» (так называў у думках жрэчаства Вільні) адабралі ў яго адзінага мудраца, у якога вучыўся таму, што ўсё яшчэ заставалася сілаю язычніцтва — тонкаму адчуваньню прыроды і яе таямнічай магутнасьці, уменьню слухаць навакольны сьвет і ісьці па шляху лёсу. У Лёс ён верыў неадменна: Судзяніцы, што прадуць прадзіва жыцьця, адразаюць яго кавалкі кожнаму і пасьля запісваюць у Кнігу Жыцьця, што каму дасталася — яны часта прыходзілі ў ягоныя дзіцячыя сны. Якраз жрацы Судзяніц прадказалі, што менавіта ён з усіх сыноў Гедзіміна стане вялікім князем — і гэтае прароцтва павяло яго разам з братам Кейстутам на Вільню, прымусіла пасягнуць на запавет бацькі і перайначыць яго — не, ня дзеля сябе толькі, і нават зусім ня дзеля сябе, а дзеля Княства, чыім абаронцам абраў яго Лёс…

Аднак ён ня толькі не паверыў, нават пра сябе пасьмяяўся з прароцтва, што зрабілі яму ў храме Перуна: што ягоная абраньніца выратуе старых багоў і ўзвысіць край сярод усіх іншых менавіта старою верай. «Ты, вялікі сын Гедзіміна, прызваны ўмацаваць Княства праз старую веру», — казаў яму малады жрэц, які торгаўся і матляў галавой, нібы нехта гаварыў ягоным голасам і валодаў ягоным целам. Альгерд падзякаваў і аддаў храму належныя ахвяры, але ён выразна бачыў, што гэтыя прароцтвы — не сапраўдныя, што жрацы ілгуць, бо гэта адпавядае іхнім задумам. Яму было горка, што некалі любімы ім храм робіцца чужым і варожым, але, відаць, трэба было прайсьці праз вялікі Агонь і Ваду, каб дазнацца, дзе праўда, а дзе хлусня…