Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 78

Ольга Михайловна Ипатова

За некалькі тыдняў, што прайшлі пасьля сьмерці жонкі, сьвет вакол яго як згусьціўся. Дыхаць яму рабілася ўсё цяжэй.

Быў Гаспадаром Княства — але ня меў улады над сьмерцю, над моракам, над вышэйшымі сіламі, якія кіравалі і ім, і ўсімі людзьмі. Не ўтрымаў на гэтым сьвеце Марыю. Ня быў гаспадаром над Рэчыцай, якая страціла розум і ў сваёй багатай хаце, пры служках, білася ў сутаргах, калі бачыла нешта круглае, падобнае да караляў, і праводзіла свае дні ў іншым сьвеце, больш літасьцівым да яе. І над Баравіком і Зайкай, якія чарнелі і сохлі ўсе болей, назіраючы за любай дачкой. І над мечнікам, які быў цяпер у Ірыі і час ад часу ў сьне прыходзіў да яго і глядзеў ясным нявінным позіркам. І над многімі іншымі людзьмі, якія трапілі пад калясьніцу вялікай палітыкі і вялікай улады, — калясьніцу, лейцы ад якой ён, сьмяротны чалавек, трымаў з усяе свае моцы…

Аднак на Завіваньні вянкоў Дзівейна не зьявілася, і ён парадаваўся таму. Ды жрацы не адступіліся — прыдатная для ўдалых зьдзяйсьненьняў часіна была іншаю, чым меркаваў вялікі князь…

ШЛЯХІ СПАСЬЦІЖЭНЬНЯ

Дні рабіліся кароткімі, як быццам укарочвалася жыцьцё. Ды так яно, відаць, і было: Кумец жыў у цемры і адзіноце, і толькі Нестар час ад часу прыходзіў да яго. Тады гадзіны рабіліся такімі, як спаконвеку, яны ўкладваліся ў звыклае вымярэньне часу, якім жыў усе свае кароткія гады малады прыдворны і якім прывык давяраць. Але цяпер ён давяраў і новаму адчуваньню, калі жыцьцё пераходзіла ў трызьненьні, і карціны, што прыходзілі да яго, былі больш яркімі і рэальнымі, чым усё, што зьведваў дагэтуль. Расказваў пра іх Нестару, і той, згорблены і яшчэ больш пастарэлы, тлумачыў хлопцу, што ён прарываецца ў іншы сьвет — той, адкуль прыходзіць чалавек для нараджэньня.

— Гэта Ірый? — пытаўся Кумец. — І сьпевы, і сьвятло, і адчуваньне шчасьця, і нікчэмнасьць ранейшых мараў — усё адтуль?

— Так называеце вы Рай, хай так і будзе, — Нестар ківаў. Расказваў пра сьвятых, што спасьцігалі вышэйшы сьвет праз катаваньні і пакуты.

— Чаму праз пакуты? — не разумеў Кумец. — Няўжо чалавек ня можа прыйсьці да сьвятла праз роздум? Праз душу?

— Грахі… — казаў Нестар. — Чалавеку было падараванае ўсё, але ён захацеў большага. Ён дзёрзка і самачынна замахнуўся на тое, чаго ня мог па тым часе спасьцігнуць, а гэта было небясьпечна для Быцьця. Усявышні даў бы яму ўрэшце ўсё веданьне і ўсю задуму Сусьвету — але для гэтага трэба было пачакаць і зразумець хаця б тое, што дадзена… Сьвет праз грэх пайшоў у іншым накірунку, але як было вярнуцца на раздарожжа, з якога ўсё пачалося? Таму Бог паслаў Хрыста, якому трэба было пераплавіць сваёй крывёй і ахвярнасьцю ўсю чарнату сьвету і тым адчыніць вароты пекла, адкуль не было выйсьця грэшным чалавечым душам.