Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 79

Ольга Михайловна Ипатова

Кумец і сам адчуваў, што сьвет кіруецца зусім іншымі памкненьнямі, чым, мабыць, было загадана багамі. Гэта падказваў нават ягоны пакуль яшчэ невялікі жыцьцёвы досьвед.

Мячом можна было прыдбаць у сотні, а мо і тысячы разоў болей багацьця, чым сабраць яго працай — на ральлі, у лесе, у пчэльні.

Выгадны шлюб цаніўся ў людзей куды болей, чым самае моцнае, палкае каханьне. А яны ж ведалі, што толькі шчырае каханьне дае моцных здаровых дзяцей. Нашто ж чалавек, беручы нялюбую жонку, з якою кожны дзень трэба было дзяліць ложак, сам падрываў карэньні ўласнага роду, сваіх будучых нашчадкаў?

Дабіваючыся ласкі Гаспадара, многія трацілі сумленьне і гатовыя былі на любую подласьць, — ён сам паспытаў тое на сабе. Раз за разам узгадваючы зялёныя вочы Бурылы і ілжывыя вусны Нары, курчыўся, як ад болю — зразумеў, што яны згаварыліся загубіць яго і брата дзеля нейкіх сваіх, адным ім вядомых мэтаў. Аднак жа не праклінаў іх, бо адчуў, што цямніца зрабіла яго іншым. Вера ў тое, што сьвет трэба мяняць, іначай ён загіне, мацнела ў ім нягледзячы на здзекі і пакуты — а можа, якраз дзякуючы ім.

Ранейшыя жаданьні, якія некалі віравалі ў душы і сэрцы, па якія гатовы быў кідацца вопрамецьцю, цяпер страцілі сваю вартасьць, здаваліся нікчэмнымі. Нават ласка князя, які аддаў яго на катаваньні, таму што яму самому трэба было абараняцца, бачылася яму цяпер вартай аднаго жалю… Кумец, чыё хрысьціянскае імя было цяпер Антон, спасьціг пасьля доўгіх роздумаў — забіваць свайго былога прыдворнага, як таго патрабавалі жрацы, Альгерд не хацеў. Хаця дзеля ўлады і выратаваньня Княства яму ня раз даводзілася забіваць нявінных, ды надта моцнаю рабілася ў ім нянавісьць да людзей, што аспрэчвалі ў яго тое, дзеля чаго быў абраны ён Судзяніцамі — самую вялікую ўладу ў гэтай зямлі. Можа, таму гаспадар, як аб тым гаварылі, сапраўды адпрэчваў высілкі Бурылы аб хутчэйшым пакараньні важкім довадам: няхай яшчэ пасядзяць, бо сьмерць для хлопцаў будзе лягчэйшаю, чым замкавая вязьніца.

І так сапраўды думаў Няжыла, старэйшы з братоў.

Ён хацеў сьмерці, прасіў яе ў багоў. Нават Заяц стаў спачуваць чалавеку, які так прагнуў небыцьця, бо сьвет стаў яму нямілым. А нашто яму было жыць? Каханая Рэчыца, чый кожны рух лавіў ён з замілаваньнем і шчасьцем, абылгала яго, ейны бацька адрокся ад самага сватаўства, а князь і княгіня паверылі ў нагаворы і адвярнуліся ад яго. Брат, якога ён так любіў, быў таксама ў цямніцы — з-за яго, Няжылы. Маці іхняя ад ганьбы памерла. Сёстры ж, Бяроза і Радагоста, ні разу не адгукнуліся ні словам, ні хаця б кавалкам вепручыны, які маглі б перадаць брату і яму ў цямніцу. Ад голаду ён гатовы быў грызьці сьцены, калі б яны былі з дрэва, але камень, да якога быў прыкуты ланцугом, не паддаваўся нават яго моцным кіпцюрам, калі ў шаленстве драпаў яго пасьля таго, як ачуньваў ад катаваньняў. Вільготныя ад сырасьці лахманы церліся аб сьпіну, калі ён клаўся на падлогу, каб заснуць і забыцца на ўсё, што было вакол, і раны смылелі, сьвярбелі і адгукаліся невыносным — у тысячы голак — болем.