Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 75

Ольга Михайловна Ипатова

Павагаўшыся, ён прыняў рашэньне і паслаў ганца да вознага з загадам прыбыць у замак. Няхай Сухта паўторыць усё, аб чым даведаўся, самому Альгерду…

Возны Сухта доўга стаяў на каленях перад Перуном і Мокашшу. Гэтым багам у хатняй малельні прыносілі найболей ахвяр, і толькі яны маглі даць параду: што гаварыць вялікаму князю? Лёс мечніка яскрава засьведчыў, што адбываецца з тымі, хто ідзе супраць жрацоў. Таму кашталян замку Нарбут, якому першаму належала дакладаць аб выніках расьсьледаваньня, ня ведаў многага з таго, што возны расказваў ваяводзе Гаштольду. Гаштольд быў апекуном Сухты, дзякуючы яму малады яшчэ служка заняў гэтую важную пасаду. Але ці зможа ваявода захаваць галаву вознага? І ці не перастрэнуць яго, Сухту, у шумлівым натоўпе падчас набажэнстваў людзі з воўчай мордай на галовах, якія на сьвяты нясуць выявы багоў па вуліцах Вільні і, як добра ведаў ён сам, умеюць атручанай рыбінай косткай непрыкметна кальнуць у руку ці лытку неслухмяных і непакорлівых? І ня капне хто са служак атруты ў кубак, што пададуць яму ў сваёй жа хаце?

Але… такі яго лёс. Ён мусіць казаць тое, што патрабуе ад яго ваявода. І няхай праз гэта пазбавіцца ён міласьці непасрэднага свайго дабрадзея і кіроўцы Нарбута — можа, як-небудзь здолее выкруціцца і перад ім…

Праз нейкі час у той жа залі возны Сухта дакладаў вялікаму князю вынікі сваіх высілкаў.

— Мечнік казаў праўду, вялікі князь. Два тыдні каралі былі ў Дзівейны, і там штодзень праводзіліся вялікія маленьні. Яна клалася спаць, надзеўшы іх на шыю, і адпраўлялася туды, дзе блукаюць нашыя душы ў час сну.

— Значыць, каралі былі заклятыя на сьмерць княгіні? І на тое, каб я выбраў потым Дзівейну? — задумліва сказаў Альгерд. — Якая яна, гэтая дзяўчына? Чаму — яна? Адкуль узялася? Хто за ёю стаіць, апроч уплывовай і магутнай сястры?

Але Сухта добра падрыхтаваўся. Нездарма ў кожным храме былі ў яго свае людзі, якія бачылі і чулі надзейна схаванае ад чужых вачэй і расказвалі пра гэта толькі яму самому. Праз нейкі час вялікаму князю стала вядома многае з тых таямніц, каторы раз ён падзівіўся спрыту жрацоў, якія пры жывой яшчэ ягонай жонцы разьлічвалі наперад на колькі хадоў. І гарачая хваля гневу ўдарыла яму ў сэрца: яны палічылі, што ён, Альгерд, нібы недальнабачны, неразумны сьмерд, кінецца на сьвежае дзявочае цела, як маладзенькі бычок, апоены сонцам і ветрам, кідаецца на лузе да крэпенькай цялушкі!

— Нікому пра тое ні слова! — загадаў ён. — Хай усё ідзе так, як ідзе. А ты за вялікі спрыт і за тое, што не пабаяўся жрацоў, атрымаеш узнагароду. І табе, ваявода, не забуду адданай службы…

Сухту карцела нагадаць пра мечніка, які паклаў сваю галаву за тое ж, за што ўзнагароджваюць сёньня яго, але спахапіўся. Добра памятае пра пакараньне вялікі князь, і, можа, сёньня пашкадаваў ён мечніка.

Ды ў кожнага ёсьць свой лёс і свой час.

У ЧАКАНЬНІ

…У той дзень княжацкі скарбнік надта дзівіўся: загадаў вялікі князь прынесьці наверх у асабістыя пакоі дзьве грэцкія чашы, запісаныя ў рэестры як «кратэры», адну — з бронзы, другую — з серабра з чорнай чаканкай, а каму аддаў іх — невядома. Было ў той дзень у яго шмат народу, ды толькі пасланец ад князя Сьвят маўчаў, як вады ў рот набраўшы, а чашы былі запісаныя як «падарункі за асабліва важныя паслугі князю», а за якія — ведаў толькі Гаспадар ды ягоны служка. Ды яшчэ тыя, хто тыя падарункі атрымлівалі. Калі расказваў тое скарбнік Гайне, якая прагна слухала ўсё, што магло спатрэбіцца яе гаспадарам, то выказаў меркаваньне, што пайшлі тыя каштоўныя чашы вярхоўнаму жрацу Лойку, з якім гаспадар доўга гаварыў у той дзень і якому, як выказаўся прыслужнік, што насіў у пакоі пачастунак, шмат дзякаваў. Вядома, чашы пайшлі Лойку! Ну не Сухце ж і не ваяводзе, што таксама доўга сядзелі ў троннай залі і, мабыць, раіліся пра злодзеяў, якіх нядаўна выкрылі ў сталіцы, было даваць такія падарункі, што прысталі толькі асабліва важным асобам! А гэтыя — і ваявода, і возны — былі проста слугамі, якія шчасьлівыя ўжо добрым словам, якое ім падарыць гаспадар княства! З тым пагадзілася і Гайна, а пасьля і Нара, якая слухала ўсе навіны, што сарокай на хвасьце прынесла каханка Лелюша. Ацэньвала навіны вялікая жрыца, лежачы аголенай на чорных і бурых мядзьвежых скурах. Пакуль яна зьнешне ляніва, ды насамрэч вельмі чуйна ацэньвала сказанае, дзьве ўмелыя жрыцы спрытнымі рухамі ўбівалі ў яе пругкае і цьвёрдае, як жалеза, цела пахкія алеі з Эгіпту. Нара глядзела на слугоўніцу, якая пасьля хуткага пахаваньня Марыі мусіла пакінуць сваю службу, і, хітаючы галавой, раздумвала, ці варта пакідаць яе жывою? Занадта важныя рэчы ведае яна, а жаночы язык легкаважкі, любіць ён матляцца памялом…Але, разважыла яна потым, Гайна зьвязаная гэтымі таямніцамі, яна правераная на іх, і такіх людзей трэба заахвочваць і трымаць каля сябе. Да таго ж, яе яшчэ могуць і вярнуць у замак, а тады яна захавае сваё значэньне… І вялікая жрыца літасьціва падарыла дзяўчыне шкляны з залатымі знакамі слоічак, з якога асьцярожна выбірала яе слугоўніца пахкую жаўтаватую мазь і дзе ладна яшчэ яе аставалася. Гайна выбралася з ейнага жытла ашчасьліўленаю, беражліва прыціскаючы да сябе падарунак. Дасьць Пярун, ніхто не дазнаецца пра тое, што гэта яе доўгі язык распавёў вознаму важныя таямніцы!