Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 76

Ольга Михайловна Ипатова

Праз кароткі час пасьля паховінаў Марыі княжацкі скарбнік выдаў ёй дзесяць шэлегаў — тое, што зарабіла яна за сваю службу ў нябожчыцы княгіні. Аднак у замку яна не засталася, хаця надта імкнулася зачапіцца за яго хаця адным кіпцюрком.

Яе ўзяла да сябе Дзівейна, якая жыла ў Вільні асобна ад сястры, і дзе новая служка стала вучыцца майстэрству рабіць вабнаю любую жанчыну, нават калі багі ўзнагародзілі яе брыдкаю абалонкай.

Выкладалі тыя сакрэты вышэйшыя жрыцы храма Лады, і вядомыя яны былі ў храме з самых пракаветных часоў. Нездарма жанчыны ўсёй Вільні, асабліва ж найбольш заможныя, не шкадавалі для храма падарункаў, калі выходзілі адтуль пахарашэлымі, з бляскам у вачах і патаемнымі парадамі для радасьці сужонка ці каханка, а часам і пасылалі сваіх мужчын да багіні каханьня дзеля таго, каб і яны дазналіся пра сакрэты цела і спаталеньне пажадлівасьці.