Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 74

Ольга Михайловна Ипатова

І цяпер яму трэба было рашаць яшчэ адну, надта ж няпростую задачу — на чый бок стаць у вялікай замятні, якая магла вось-вось успыхнуць у Вільні. Ваявода ведаў амаль усю праўду: возны Сухта, што дасьледаваў справу, выбіў з каханкі Лелюша Гайны многія таямніцы. Яму пашанцавала: Лелюш займеў яшчэ адну каханку, вядомую віленскую вісьлену Асаку, і раўнівая Гайна ў запале выклала перад возным ягоныя правіны і ўдзел у інтрызе.

Але як даказаць усё гэта? Як паглядзіць на праўдзівы аповед вялікі князь? Ці не загадае сьцяць горлам самога ваяводу, які разблытвае непажаданыя для ўсіх таямніцы? І што будзе далей?

Тое, што каралі Марыі нейкі час былі схаваныя ў сястры вялікай жрыцы Нары, было праўдападобным. Але сьведкаў таму не было — адно прызнаньне Лойкі, зробленае ў гарачцы, нават напаўтрызьненьні. Вешчыя старцы высьмеюць гэткі доказ… І хто дакажа, што смарагды падкінутыя назад? Што не сама забыўлівая Марыя павесіла іх на кручку пад акном, каб сядзець і любавацца пералівамі сьвятла? І хто возьмецца пераконваць, што замах на Кругляца і спроба ўтапіць яго ў Вяльлі неяк зьвязаныя з усім гэтым? Але хто ж зробіць такое без жрацоў? Ды іх чапаць страшна, хаця дапусьціць прычыну таго, што адбылося, можна: яны мелі ў княстве немалую сілу і хацелі яе павялічыць праз новы шлюб Альгерда. Калі ж вялікі князь зробіць па-свойму, выбярэ сабе іншую — яны могуць узьняць супраць яго стольны горад і паспрабаваць вярнуць слабавольнага Яўнута, які нават у думках ня мог дапусьціць таго, каб не паслухацца Бурылу альбо вешчых старцаў. Але ваявода добра разумеў і іншае: князь Альгерд з кожным месяцам набіраў сілу, ён не бязвольны Яўнут, які уцякаў ад братоў і так і не сабраў войска для вяртаньня вялікага стальца. Непазьбежна некалі гаспадар краіны сутыкнецца са жрацамі, і для таго атрымае падтрымку ў хрысьціянскіх краінах, якіх большасьць.

Жрацы баяцца і ненавідзяць і яго, Гаштольда. Нягледзячы на тое, што хрысьціянства заходняга абраду, якое ён нядаўна патаемна прыняў, мела пакуль што староньнікаў толькі сярод іншаземных купцоў ды паслоў, усё ж было і яно выклікам старым вераваньням. Гаштольд адкрыта не хадзіў у касьцёл Дзевы Марыі, ён прыходзіў туды на споведзі ды бяседы позна ўвечары, але жрацы маглі ведаць пра тое і чакаць хвіліны, калі можна ўдарыць і яго. Таму Гаштольду даводзілася хадзіць на ўсе язычніцкія сьвяты і быць асьцярожным удвая, спадзеючыся на тое, што Альгерд некалі пераможа ў сьмяротным паядынку са жрацамі…

Дапамагчы гэтаму дужа ж разумнаму і рашучаму сыну Гедзіміна значыла ня толькі ўтрымацца пры ўладзе сёньня, але і забясьпечыць сваім дзецям добрыя месцы пры княжым двары заўтра. Дапамога жрацам магла даць тое ж самае, але яны запатрабуюць яго ўсяго, яны не абмяжуюцца толькі ім, але возьмуцца і за сыноў. Яшчэ для ягонага пакаленьня жрацы — сіла, але час іх праходзіў, і сынам, калі будуць кідаць яйкі толькі ў адзін кошык, у будучым давядзецца нясоладка….