Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 73

Ольга Михайловна Ипатова

Нестара папрасілі, каб ён апырскаў знойдзенае сьвятой вадой. Ён папярэдзіў вялікую княгіню, што каралі трэба яшчэ «адмольваць» — на іх можа быць чужая і варожая сіла. Але Марыя назвала яго словы забабонамі і надзела на шыю ўлюбёныя ўпрыгожаньні. І што ж? Праз два тыдні яна памерла ў вялікай гарачцы, не ачуняўшы нават для апошняга прычасьця.

Альгерд ня ведаў, з кім можна яму даверліва параіцца аб усім. Лойка ўсё яшчэ да канца не ачуняў. У яго хваробе таксама было шмат загадкавага. З кім перасякліся ягоныя шляхі ў загадкавым сьвеце, дзе ўсё адкрыта і ясна, дзе пабачыў ён злодзеяў і прывёў мечніка да іх? І калі ён страціў прытомнасьць — навошта і каму трэба было яшчэ і труціць вярхоўнага жраца? Ці не таму, што ён указаў на дом, дзе каралі сапраўды былі? І што стаіць за таямнічым замахам на Кругляца? Можа, у Вільні пачалося тое, чаго ён заўсёды баяўся — паляваньне на хрысьціян?

Наступае час, калі і яму, Альгерду, трэба выбіраць: Нестар альбо Бурыла, мудрыя старцы альбо хрысьціяне Цьверы і Ноўгараду, а найперш, вядома ж, Рыму. Вялікае княства — гэта разлом, мяжа між Захадам і Усходам, апошняя краіна, дзе пакуль што існуе двоеўладдзе. І калі ён адрыне хрысьціянства, то нібы замкне сваю краіну на моцны замок. Толькі вось — да якога часу?

— Але не язычніцтва, а хрысьціянства дапамагае ў зьнешняй палітыцы! — думаў Альгерд. — І найперш ва ўсходняй. І Цьвер, і гэтая самаўпэўненая Масква, што так неспадзявана набірае і набірае моцы, — яны ўспрымаюць Вільню ці як надзейнага саюзьніка, ці як сілу, з якою трэба лічыцца. І Папа, хаця хрысьціянства ўсходняга абраду яму не да спадобы, усе ж ня можа абыходзіцца з намі як з язычнікамі, чаго дамагаюцца крыжакі… Новую жонку будуць успрымаць як знак — куды, якім шляхам будзе далей ісьці Княства…

…І тады, схамянуўшыся, ён канчаткова зразумеў, што кавалак жыцьця, зьвязаны з Марыяй Віцебскай, назаўсёды ўжо адрэзаны, а ўсё астатняе, што яшчэ чакае — пахаваньне, жалоба, спачуваньні — гэта ўсё ззаду, ззаду. А яму, не спыняючыся, трэба ісьці наперад.

І усё ж ён дазнаецца, дзе былі смарагды, і хто хаваецца за ўсім, што здарылася. За войтам здаўна стаяў кашталян Нарбут, і ня дзіўна, што абодва цьвердзілі адно, а менавіта: у хаце Дзівейны абшукалі ўсе куткі, ды не знайшлі ніякіх сьлядоў караляў, а значыць, на яе ўзьвялі паклёп. Але вялікі князь верыў Лойку, верыў яго вешчаму дару, нягледзячы на хваробу, што навалілася на яго потым. Агулам жа за ўсё, што здарылася, асабліва ж за сваё шчырае сэрца заплаціў мечнік Сьвідрыгайла, — але ён таксама быў толькі адчэпным для жрацоў.

І Альгерд рашыў аддаць дазнаньне ў рукі ваяводы Гаштольда. Няўжо не разьбярэцца ва ўсім гэты надзвычай разумны і дасьведчаны чалавек, шчыра адданы дому Гедзіміна?

ВАЯВОДА ВЫБІРАЕ

Ваявода Пётра Гаштольд хадзіў па залі, дзе звычайна зьбіраліся паседжаньні паноў-рады. Магутны, як мядзьведзь, ён рухаўся лёгка, нягледзячы на гады і раны, якіх яму шмат надарылі ў паходах і бітвах. Кожную ён адчуваў і памятаў, праз некаторыя ледзь не разьвітаўся быў з жыцьцём, ды пакуль багі трымалі яго тут, не даючы спакою, падкідаючы адна за адной цяжкія жыцьцёвыя падзеі.