Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 7

Ольга Михайловна Ипатова

Браты даўно схаваліся ў двухпавярховай пабеленай мураванцы, дзе яны жылі разам з маці, а былы вярхоўны жрэц Мікша стаяў ля вугла і пазіраў на высокія вокны, зацягнутыя не слюдой, як амаль ва ўсіх дамах у Вільні, а дарагім шклом. Твар яго крывіўся і зайздрасьцю, і бясьсільнай злосьцю.

Як спыніць новае вучэньне, чым выпальваць яго ў душах? Як змагацца за веліч багоў, якім пакланяліся спрадвеку?

Поўня, што адзінока і велічна плыла над Горнім замкам, на імгненьне кранула яго сваім серабрыста-жоўтым промнем, і ён пасьпешліва адхіснуўся ў цень, каб ніхто, нават поўня, не маглі пабачыць ягонага твару…

КРУГЛЕЦ

Сын памерлага пасла Леся, некалі ўлюбёнца самога Гедзіміна, Круглец рос у атачэньні тых, каго віленскі люд уважаў за вышэйшую ўладу Княства. Прыгожы кучаравы хлопчык, кругленькі, як снапок лёну, ня раз сядзеў на каленях вялікага князя, калі той прыязджаў у іхны дом, каб падчас вячэры пагутарыць з бацькам пра хітрыя стасункі з замежнымі краінамі, а таксама абгаварыць патаемнасьці свайго двара, якія маглі ведаць зусім нямногія.

Калі сын стаў падрастаць, бацька аддаў яго спачатку ў школу пры замку, дзе вучыліся дзеці прыдворных і паслоў, але пасьля, першы ў краіне, завёз сына ў Нямеччыну, каб там спасьцігаў ён навуку, якая ўзвышае чалавека амаль да Бога.

Можа, таму, што мала бываў у сваёй краіне і быў чуйны да новага, Лесь першым з паслоў Княства прыняў хрысьціянства. Праўда, ахрысьціўся паводле ўсходняга абраду і ў самым канцы жыцьця, але Гедзімін гэтага ніколі ня ўведаў. Ягоны пасол, вяртаючыся дадому, старанна, разам з усімі прыдворнымі, наведваў найважнейшыя капішчы і кланяўся багам як належала. Калі жрацы мазалі чалавечай крывёй вусны прыдворных, ніводная жылка на ягоным твары не выдавала, што насамрэч адчуваў ён у тыя хвіліны — пасол умеў хаваць пачуцьці. Ён езьдзіў у многія краіны сьвету, асабліва часта пасылаў яго Гедзімін у Рым, каб перадаць самому Папу чарговае пасланьне. Тое, што пасол пад старасьць сабраўся наведаць грэцкі Царгорад, ды яшчэ разам з сямействам, нікога не зьдзівіла — праваслаўныя баяры Полаччыны, Наваградка, Турава ды іншых гарадоў Княства здаўна, пакаленьне за пакаленьнем, пакланяліся менавіта царгародскім сьвятыням. Нават і тады, у амаль легендарныя часы, як Царгорад належаў рыцарам заходняга абраду, плынь гэтая не мялела. Езьдзілі ў Афон да манахаў, падарожнічалі па манастырах, асабліва ж любілі Улахерну, цуды якой былі зьвязаныя з домам Усяслава Полацкага.