Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 8

Ольга Михайловна Ипатова

Для маладога Кругляца падарожжа ў Візантыю стала нібыта вялізным нажом, што разрэзаў яго жыцьцё на дзьве палавіны. Тое, што засталося ў першай, ужо пражытай — і вясёлыя калядаваньні, і юрлівыя шаленствы купальскай начы, і таямніча-страшныя ахвярапрынашэньні ў капішчах паганскіх багоў, і яшчэ многае іншае, чым жыў і што здавалася звыклым і прыемным, — усё гэта адышло кудысьці ў незваротнае. Прыйшло іншае, уладна захапіла душу і не адпускала. Сталася ўсё гэта ў час падарожжа ў Цар-горад, дзе сустрэлі і пранізалі душу хлопца-язычніка вочы мазаічнага Хрыста на сьцяне велічнага храма сьвятой Сафіі. Былі ў гэтых вачах тужлівасьць, але адначасна і непарушны спакой, і спагада, і разуменьне… Было тое, чаго не давалі навукі ва універсітэце, на што не маглі знайсьці адказу жрацы ў капішчах, хаця яны ведалі хаду зорак і прадказвалі зацьменьні і мор.

Ён памятаў кожны свой крок у агромністым, ці не да нябёсаў, храме сьвятой Сафіі, дзе ў гулкай пустэчы рэхам адгукаліся самыя ціхія рухі. І тое імгненьне, калі спыніўся ля зеленаватай калоны з парфіру, падобнай на высачэзны дуб у сьвятой дуброве за замкам Гедзіміна. Якраз каля яе архірэй Нікас распавядаў бацьку пра спляценьне пальцаў на руках у сьвятых, мазаічныя выявы якіх глядзелі на наведвальнікаў. Гэтыя спляценьні правераныя стагоддзямі, яны кіруюць боскае сьвятло ў тыя ці іншыя чалавечыя органы, дапамагаюць пры розных хваробах і называюцца мудрамі. Круглец жа любаваўся на мазаічныя фрэскі, дзе залацістая смальта нібы сьвяцілася ў паўцемры храма. Раптоўна вочы яго, якія да гэтага няўцямна сьлізганулі па фрэсцы, зноў сустрэліся з жывымі, пранізьлівымі і разам з тым спакойнымі вачыма Хрыста.

Ён застыў, нібы ў яго адняліся ногі. Разам з тым адчуў, што ўсю ягоную істоту напаўняе нейкае новае для яго пачуцьцё — магутнае, як марская хваля, з тых, што нядаўна ўзносілі і кідалі іхні карабель на Понцкім моры. І гэтае пачуцьцё было любоўю.

Круглец любіў маці і бацьку. Ён любіў гульбішчы, калі жанілі Цярэшку ці гукалі вясну і калі можна было прыціскацца да пругкай і гнуткай, як маладая вярбіна, дзеўкі. Усё роўна, хто была яна — дачка баярына ці прыдворнага блазна, ці — аднойчы — нават дачка вялікага князя. Ён любіў сустракаць узыходы сонца, калі пасьля бяссоннай ночы, праведзенай у княскім скрыпторыі над кнігай, з вышыні замкавай гары добра было глядзець, як павольна, велічна ўстае з-за сіняватай, пасыпанай ружовым попелам хмары залаты бог сонца Сур’я. Любіў блінцы, посную драчону на макавым малацы, флячкі — рубцы з падліўкай… І пергамены, на якіх пісцы золатам і цынобраю выводзілі літары. Зьведаў ён хвіліны найвялікшай радасьці, калі браўся чытаць вяроўчатае пісьмо, якое памяталі ўжо нямногія жрацы… Любіў таксама свае варцобы з рога тура, залатую чашу для пітва. І многае іншае, чым шчодра надзялілі яго багі.