Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 5

Ольга Михайловна Ипатова

Яе бабуля аказала некалі маладой Марыі важную паслугу, зьняла з яе твару вогнік, і ўдзячная княгіня ўзгадала пра яе, калі села разам з Альгердам на вялікакняскі пасад. Рэчыца — не прыгажуня, але ёсьць у ёй тое, што падабаецца Няжыле — надзейнасьць і моцнае здароўе. Магутныя клубы, румянак на шчоках, кроў, здаецца, ажно кіпіць… Вядома, калі яны пабяруцца, ён даможацца, каб жонка пакінула гэтую службу, хай і занадта шаноўную для яе радні. Занадта многа ласых да дзяўчат малойцаў ашываецца пры двары…

Невысокі, каржакаваты, Няжыла быў зусім не падобны да свайго прыгажуна-брата, але, можа, якраз таму і любіў яго, спадзяваўся, што Кумец атрымае некалі вялікую пасаду пры двары. Што ён у параўнаньні з братам, які страляе з лука лепей за ўсіх прыдворных? Хто і ўзімку пераплываў імклівую Вяльлю, хутчэй за ўсіх караскаўся на сьвяточны слуп перад замкам, калі зьняць галоўны прыз з немалой вышыні зьбіраліся лаўкачы ледзь не з усяго Княства?

Стаць бы першым памочнікам чашніка, потым, калі дазволіць Пярун, і самім чашнікам, мець добры двор, жонку і шмат дзяцей — пра што яшчэ марыць? А вось Кумец з яго прыгажосьцю мог бы… можа, нават ажаніцца з дачкой маршалка альбо кашталяна, а то і ваяводы, а з цягам часу і самому ўзьбіцца на адну з гэтых пасад. Ён разумны і разважлівы. Няжыла на свае вочы бачыў, як сястра знатнага баярына Кругляца, далёкага іх родзіча, глядзіць на брата закаханымі вачыма. Ды колькі іх, такіх юных дзяўчатак, зіркае на брата з надзеяй і зацікаўленьнем?

Тым часам чэлядзь расступілася, каб прапусьціць да выхаду вялікага князя Альгерда. Абапіраючыся на служку Кужаля, трохі пакульгваючы, ён павольна прайшоў пад аркамі з чырвонай цэглы да выхаду, дзе чакаў яго любімы конь Зьвер. Ні высокая шапка з тонкай скуры, аблямаваная собалем, ні вышыўкі з вялікімі жоўтымі і чырвонымі рубінамі на шаўковай зялёнай кашулі, ні пурпуровы аксамітавы плашч з залатой шнуроўкай па рукавах — нішто б ня вылучыла яго з гэтае самае гурмы чэлядзі (некаторыя былі апранутыя ня горш за самога гаспадара), калі б ня велічная пастава галавы і невыказная словамі, але надта ж адчувальная для навакольных сіла, якая зыходзіла ад усяе яго постаці.

Усё схілялася перад вялікім князем. Але былі сярод натоўпу вочы, якія глядзелі на яго з прыхаванай нянавісьцю. Мікша, цяперашні просты служка храма Макошы, усяго два гады назад быў галоўным жрацом капішча Рагуціса, разбуранага па загадзе княгіні Марыі Віцебскай дзеля таго, каб на яго месцы паўстаў храм Параскевы, нарачонай Пятніцай. Тады гэта выклікала вялікае паўстаньне літоўцаў і жамойтаў, часткова задушанае, часткова шчодра аплочанае пасьля з казны вялікага князя, якому давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб ня даць скінуць сябе са стальца. Тое паўстаньне выкарысталі і прыхільнікі Яўнута — шмат каго з іх давялося вярнуць на княскую службу. Але хутка Альгерд спыніў пагадненьне з непрыяцелямі, бо на дапамогу брату-суправіцелю пасьпеў Кейстут з яго магутным войскам.

Мікша пасьля задушэньня паўстаньня не схаваўся ў дрымучых лясах, якімі была абкружаная Вільня, як тое зрабілі іншыя жрацы. Ён застаўся ў стольным горадзе, атабарыўся на дробнай, нязначнай пасадзе. Але ён чакаў свайго часу. Ня можа быць, каб князь Альгерд, з якім ён сябраваў з юначых гадоў, калі той яшчэ не пабраўся з гэтай хітрай віцяблянкай, гэтай ласіцай, што змагла акруціць самога вялікага Гедзіміна, так што той дазволіў ёй завесьці ўласны, хрысьціянскі двор са сваімі сьвятарамі — ня можа быць, каб князь урэшце не аднавіў храм Рагуціса! Калісьці малады Альгерд любіў той храм і адорваў яго часьцей за іншыя, можа, якраз таму, што мог пагаварыць са сваім аднагодкам Мікшам больш даверліва, чым з іншымі — хаця цалкам даверлівым Альгерд ня быў ні з кім. Можа, дзякуючы менавіта той даўняй юнацкай прыязьні вялікі князь заплюшчыў вочы на тое, што адзін з галоўных завадатараў вялікай калатнечы застаўся ў сталіцы. Але да сябе ён больш яго не набліжаў.