Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 6

Ольга Михайловна Ипатова

Мікша шмат разоў спрабаваў падлабуніцца да Альгерда, шукалі паразуменьня і іншыя жрацы. Былі і тыя, хто вырашыў змагацца да апошняга.

Але, нягледзячы на ўсё супраціўленьне жрацоў, месяц за месяцам царква Параскевы Пятніцы атрымлівала ад вялікай княгіні падтрымку і ахвяраваньні, багацела, уздымалася, і ўсё болей моладзі заходзіла туды, каб схіліць калені перад маляванымі дошкамі, з якіх глядзелі новыя, візантыйскія багі. А бронзавая статуя Рагуціса, ледзь не ў апошнюю хвіліну выратаваная ім і жрацом Молам, ляжала пад адным са сьвяшчэнных дубоў у Перуновым гаі, закапаная ўначы жрацамі.

Пры ўспамінах аб тых несправядлівасьцях нянавісьць усё болей авалодвала Мікшам. Ён стаяў, сьпіной адчуваючы холад чырвонай цэглы, і холад гэты працінаў ягоную душу.

— Як добра, што багі прынялі ахвяру! — пачуўся голас побач з ім.

— Мне шкада яе. Векша магла б жыць ды жыць! — адказаў другі, мяккі і ласкавы.

— Шкада?! Яна пойдзе адразу ў Ірый. А мы з табой яшчэ колькі нажывём, столькі награшым!

Гаварылі браты. Мікша пазнаў іх. Язычнікі, яны часьцяком прыносілі ахвяры і ягоным балцкім багам, а ня толькі сваім, славянскім. Асабліва шчыравала маці. Ейная бабка была жамойткай, таму ў маладосьці яна хадзіла найболей у храм багіні ранішняй зары Аўшры, якая падарыла ёй добрага мужа. Пасьля, калі стала ўдавой, тая ахвярнасьць згасла, жанчына прыносіла ахвяры да Рагуціса рэдка. З гадамі часьцей пакланялася Макошы і Роду з парадзіхамі — прасіла за сыноў і дачок.

І сыны ўдаліся на зайздрасьць усім. Абодва служылі пры двары. Іх ведаў і цаніў сам вялікі князь. І цяпер Мікша раптам пазайздросьціў ім — іхняй бестурботнасьці, весялосьці, лёгкасьці.

Нейкая патаемная, цёмная думка нараджалася ў былога жраца, калі ішоў ён за хлопцамі, якія бестурботна дзяліліся паміж сабой сваімі таямніцамі. Ды якія там былі і таямніцы!

— У Рэчыцы сярод пасагу ёсьць шапка з нямецкага аксаміту. Паверыш — якраз па маёй галаве! Нібыта на мяне шылі. А ты ж ведаеш, галава ў мяне — што той чыгунок! — рагатаў старэйшы.

Малодшы адказваў нехаця. Ён быў яўна прыгнечаны. Жрэц, які краўся ззаду, даведаўся з размовы, што ён заўтра ідзе да Кругляца. Здаецца, гэты Круглец таксама служыў у замку, бо размова ішла пра тое, каб паклікаць яго пасьля службы на бяседу, што ладзілася ў адной з мураванак пад замкам. Усё гэта былі дробязі, ня вартыя таго, каб іх слухаць. Аднак жа Мікша ведаў — чым болей дазнаешся пра набліжаных да валадароў людзей, тым больш моцным робішся сам. І праўда: у размове нарэшце прагучалі словы, які прымусілі Мікшу навастрыць вушы: Кумец прыязна ставіўся да хрысьціянства! А гэта ўжо была нагода, каб ісьці за братамі. Якраз таму, што жонка вялікага князя была хрысьціянкай, жрацы раўніва сачылі за кожным крокам самога Альгерда — ці моцна абараняе ён язычаства? Адна справа жонка — яна прынесла княжычу Альгерду Віцебскае княства, ён змушаны быў ахрысьціцца. Але тут, пры двары, хрысьціянам хадоў не было. Альгерд не ўтрымаўся б на стальцы, калі б жрацы ў свой час не падтрымалі яго, а найперш ягонага брата Кейстута, зацятага язычніка. Аднак і ў жрацоў не было сілы, каб узьвесьці на сталец самога Кейстута, больш любага ім, чымся Альгерд. Ды Альгерд валодаў вялікімі землямі на ўсходзе, куды большымі, чым былі ў Кейстута. А сутыкнуць стрыечных братоў значыла б разьвязаць вялікую калатнечу. І таму яны цярпелі Альгерда. Пакуль што, да лепшага часу…