Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 9

Ольга Михайловна Ипатова

Але ніколі, ніколі не абыймала яго душу такая гарачая пяшчота да навакольнага, ніколі ня поўнілася ягонае сэрца такой спагадай… У гэтую хвіліну, што, здавалася, доўжылася вечна, ён узгадаў свайго старога служку Вусеня, якога штурхануў штосілы, калі той падаваў брэцьяніцу з мядовым пітвом і незнарок праліў трохі вільгаці на яго расшытыя золатам нагавіцы. Тады Вусень, адляцеўшы да сьцяны і ўдарыўшыся ў яе так, што заняло дых, ссунуўся на падлогу і сьмешна лыпаў вачыма, стараючыся хапануць паветра, а яны, маладыя, весела рагаталі з яго сьсінелага маршчыністага твару і каравых рук, якія варушыліся, як клешні ў злоўленага рака. Успомнілася Кругляцу і тое, як, палюючы на мядзьведзя, злавілі яны, маладыя баяры, у князевых уладаньнях сьмерда, што ўпаляваў зайца, і як, атачыўшы яго, штурхалі коньмі на сярэдзіну кола, а ён, утоптваючы сьнег каленьмі, дзе на пералатаных портах адразу ж зацьмянелі вільготныя кругі, маліў аб дараваньні. Ды не дапрасіўся — яны, гікаючы, урэшце затапталі яго і, не сышоўшы з коней, паімчаліся прэч, гнеўныя, але задаволеныя… І яшчэ, і яшчэ…

Пры тым ўспаміне сэрца моцным штуршком ударыла ў грудзі. Стала так цяжка, быццам усе ягоныя правіны абярнуліся жалезьзем і пацягнулі некуды ў бездань, як няшчаснага, што ў латах трапіў пад лёд.

— Што з табою, сыне?

Толькі тады Круглец заўважыў, што і бацька, і архірэй Нікас пільна глядзяць на яго.

— Ты зьбялеў. Табе блага?

Цяжка прамаўляючы словы, ён азваўся:

— Штосьці ў грудзях… Даўка…

Архірэй узяў ягоныя рукі, склаў вялікі і ўказальны пальцы. Сьціснуў іх. Ад гэтага служкі хрысьціянскага бога пахла духмянымі зёлкамі, ягоная простая чорная вопратка, аздобленая толькі залатым медальёнам на тоўстым ланцужку, здалася Кругляцу сьветлай. І хлопец абвострана, амаль празорліва адчуў у гэтым высокім, худым, з пранізьлівымі чорнымі вачыма грэку часьцінку тае магутнай, спагадлівай, усёдаравальнай сілы любові, якой так неспадзявана напоўнілі яго душу багі. Багі? Не, тут іх няма — ні Перуна з яго залатой барадой і залатымі вусамі, ні Вялеса з нагамі, запырсканымі крывёю ахвяр, ні ўладаркі мораку і сьмерці Мары… Тут ёсьць толькі адзін бог, загадкавы Хрыстос, які спалучае ў сабе ажно тры сілы, тры іпастасі. Але яму, Кругляцу, у гэтым ніяк не разабрацца. Гэта занадта складана і… і ўвогуле яму непатрэбна.

Нешта ў ім запярэчыла ўсяму, што адбывалася тут — і храму, і выявам сьвятых, і самому архірэю…

Ён жыве сярод свайго, звыклага, знаёмага, і нашто яму мучыцца загадкамі — чаму людзі пакланяюцца мёртваму богу, богу, які настолькі бездапаможны, што ня мог нават сам абараніць сябе? Дзе была ягоная сіла, якой ён мог страсянуць сьвет і паказаць усім сваю магутнасьць? А калі не паказаў — значыць, ён слабы. У сьвеце ж шануюць толькі сілу. Слабы проста ня выжыве. Ды і што такое слабы чалавек? Ягонае месца — за сьпінамі моцных, ягонае слова нічога ня вартае…