Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 69

Ольга Михайловна Ипатова

Ён ня бачыў, што за ім краўся цень, разрастаючыся па сьцяне, дастаючы галавой высокую столь. Цень размахнуўся даўбешкай… Удар па галаве, храбусьценьне костак — і Круглец грымнуўся на каменную падлогу бяз памяці. Ён ужо ня чуў, як яго цела, засунутае ў мех, валаклі да вакна, як скінулі ў роў, што абкружаў замак, а пасьля — у Вяльлю. Ды толькі Усявышні, якому маліўся ягоны бацька ў Візантыі, відаць, дапамог маладому кніжніку: мех зачапіўся за галіну вярбы і не патануў, а тым часам па беразе скакаў баярын Кіян, які спалохаў нападоўцаў і выцягнуў Кругляца.

Аднак памяць аб тым дні і ўсіх абставінах злачынства да яго не вярнулася нават пасьля колькіх тыдняў, калі лекаваўся і паступова набіраў здароўя. А тым часам супраць яго ўзьнялася крутня: Бурыла і Нара запатрабавалі кары для новавыкрытага хрысьціяніна.

Альгерд жа, як палічылі жрацы, зноў даў круцяля: загадаў, каб сьледства — хто і дзе хрысьціў хлопца, правялі толькі пасьля таго, як Круглец цьвёрда ўстане на ногі. Пакуль жа няхай ляжыць у сваёй лажніцы, а дом будуць вартаваць стражнікі самога князя — каб нікуды ня ўцёк. Загад той мог азначаць і тое, што вялікі князь аберагае Кругляца ад новага замаху, і сам хоча яго дапытаць. А раптам памяць вернецца да хлопца? Але княжы загад жрацы пакуль ня сталі аспрэчваць. Мусіў яму падпарадкавацца і Бурыла, бо вялікі князь нібыта сам ішоў насустрач пажаданьням жрацоў. Толькі вось час мяняў абставіны, сам расстаўляючы па шахматнай дошцы ўсіх дзейсных асоб адпаведна яму аднаму вядомай задуме, і яны застывалі ў ім, часе, як казюркі ў бурштыне. Той бурштын праз стагоддзі дастануць нашчадкі і будуць углядацца ў Мінулае, каб нешта зразумець у Будучым…

ПАХАВАНЬНЕ МАРЫІ

Трашчалі, аплываючы, дарагія васковыя сьвечкі. Роўна, не спыняючыся, гучаў у храме Параскевы Пятніцы голас сьвятара Нестара. Вялікаму князю здавалася, што ў яго садралі скуру, і таму кожны гук, кожнае трапятаньне сьвечкі было балючым і адчувальным.

Жоўтае, страшнае сваёй нерухомасьцю і незнаёмасьцю цела, што ляжала перад ім у дубовай калодзе, не магло быць княгіняй Марыяй. Яе ён кахаў, абдымаў і лашчыў кароткімі летнімі начамі ў віцебскім замку над Дзьвіной, да яе пругкага жывата прыціскаўся, слухаючы штуршкі свайго першынца Андрэя, яе плечы гладзіў, калі яна ўдзячна схілялася перад ім пасьля чарговага падарунка, якіх ён многа прывозіў ёй са сваіх паходаў. І заўсёды ён адчуваў нейкую асаблівую аксамітнасьць, мяккасьць і вабнасьць гэтай жаночай плоці, нават калі васільковыя вочы жонкі выцьвілі і маршчынкі пабілі некалі бела-ружовы твар. З таго далёкага ўжо 1318 году, калі ён пабраўся з Марыяй, прайшло амаль дваццаць сем гадоў. Праляцелі яны, як цяпер здаецца, у адно імгненьне…

І ён задаваў сабе спрадвечнае і заўсёды горкае для сьмяротнага чалавека пытаньне: што засталося пасьля яе? І хто гэта ляжаў тут замест яе, над кім схіляўся знаёмы да кожнага паклону хрысьціянскі сьвятар з доўгай сівой і шырокай, як рыдлёўка, барадой?