Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 68

Ольга Михайловна Ипатова

Дзяўчаты шапталіся, але маладыя душы яшчэ не навучыліся лаўчыць і хітраваць па-сапраўднаму, таму галасы іхнія гучалі даволі гучна і выразна, так што Круглец чуў кожнае слова:

— А што, калі гаспадарыня загадае праводзіць сьледства? — турбавалася малодшая, спалохана азіраючыся па баках.

— Стрыга цябе забяры, дзяўчына! Няўжо мала табе двух срэбных талераў?

— Ня мала, не, але ж жыцьцё даражэйшае…

— Няма ўжо калі перарабляць усё, што задуманае, чуеш — няма, — Гайна павысіла голас, і Зязюля-Васіліса спалохана зашыпелала:

— Цішэй, яшчэ пачуе хто!

— А ты рабі тое, што абяцала!

— Баюся, галубачка, ой баюся.

Гайна выпрасталася. Круглец ня бачыў вачэй пакаёўкі, але з тым большай увагай глядзеў на невялічкі скрутак у ейных караткапалых, моцных пальцах, і белым ільняным скруткам гэтым яна ткнула ў грудзі сваёй суразмоўніцы:

— Калі ты, Стрыга цябе забяры, не пакладзеш іх туды, куды мы дамаўляліся, ты не пражывеш і тыдня. Чуеш ты — нават тыдня! Вялікая княгіня павінна надзець іх сёньня!

— Чаму — «іх?» — падумаў Круглец. — Што там такое — «яны»?

І ў той жа момант ён раптам здагадаўся, што было ў белым невялічкім скрутку. Гэта маглі быць толькі смарагдавыя каралі, якія вось ужо некалькі тыдняў шукалі патаемныя службы войта, і якія належалі вялікай княгіні.

Першым памкненьнем яго было жаданьне кінуцца да дзяўчат і выхапіць скрутак з рук Гайны, затым абвясьціць пра сваю знаходку варце і самому войту, каб ужо яны дазнаваліся, як апынулася гэтая каштоўнасьць у руках пакаёвак. Аднак абвостранае ўяўленьне адразу падказала яму, што будзе далей: Гайна падніме крык, што гэта ЁН трымаў у руках смарагды, што гэта ЁН быў злоўлены тут як злодзей. І гэтая, другая, пацьвердзіць усё, што скажа першая. І падчашы знойдзе яшчэ пару сьведкаў, якія будуць пераконваць вялікага князя, што бачылі яго тут з гэтым скруткам…

Ён, сьцяўшыся, чакаў далей. І ўбачыў, як, апусьціўшы галаву, узяла скрутак Зязюля-Васіліса, сунула яго сабе ў гарсэт, прамармытала:

— Пайду. Можа, яна яшчэ не прачнулася. А калі ня сьпіць, то я іх… заўтра…

— Сёньня, да заходу сонца. Што хочаш рабі, але яна павінна іх надзець… сёньня! Так паказала гаданьне. Заўтра прыязджае лекар з Візантыі, з гары Афон — чула пра такую? — патрабавала Гайна.

Зязюля-Васіліса шчыльней захутала шыю хустай, згорбілася і, адчыніўшы дзьверы ў пакоі сваёй гаспадыні, панура ўвайшла туды. Гайна сачыла за ёю, пасьля пругка, як зьмяя, пацягнуўшыся, азірнулася навокал і, хутка падабраўшы спадніцу, пашыбавала ў накірунку да пакояў старэйшай князёўны, што месьціліся ля супрацьлеглага ўваходу. Прайшоўшы некалькі крокаў, яна нібыта адчула погляд Кругляца, неспакойна паматляла плячыма, нібыта адганяла назойлівую муху, і зноўку хутка, ледзь схіліўшы галаву, агледзела ўсё навокал. Але ён ужо паднімаўся наверх, прыгнечаны і задуменны, абдумваючы, што трэба рабіць яму, і рабіць неадкладна…