Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 70

Ольга Михайловна Ипатова

Малодшыя сыны і дочкі прыехалі ў Вільню. Шкада, што ня будзе тут Андрэя — ён ужо чатыры гады княжыць у Пскове, пасьля таго як яны з Кейстутам баранілі пскоўцаў ад новагародцаў. Пскоў — горад Даўмонта, ягоны меч ляжыць там у храме недалёка ад ягонага цела, і Андрэй кляўся пскоўцам у вернасьці якраз на Даўмонтавай лесьвіцы. Хто мог бы думаць, што стане той родзіч караля Міндоўга сьвятым Цімафеем?

Нялёгкім было жыцьцё Даўмонта, воўкам па глыбокіх сумётах скакаў ён з родавых земляў, забіўшы Міндоўга і тым змыўшы ганьбу, калі той гвалтам забраў ягоную жонку. Колькі ваяваў за пскавічоў, колькі праліў варожай і сваёй крыві! А мог бы тую сілу і імпэт пакласьці за княства Наваградскае, з якога, як з бутона, вырасла Вялікае княства Літоўскае, што набірае моц, як крэпкі, ужо пасталелы дуб, з кожным годам усё шырэй раскідаючы свае галіны… Лепей бы не забіваў, а дараваў ёй грэх і ўрэшце пахаваў Даўмонт сваю жонку, як пахавае заўтра ён, Альгерд, сваю Марыю ці тое, што ляжыць у гэтай дубовай калодзе. Жрацы патрабавалі спаліць яе, як зазвычай тут, у Вільні, ды не пайшоў на тое Альгерд, бо адразу ж узбунтуецца Віцьбеск, а за ім і Полцеск. Але нязгоду са жрацамі давялося аплочваць, падпісваць указы, дзе тым ці іншым сьвяцілішчам рабіліся саступкі. Праўда, усё яшчэ ня вырашанай была справа Кумца і Няжылы. Супраць пакараньня Кумца паўстаў Лойка і вярхоўны храм Ашвінаў. Няжылу абараняў ваявода Гаштольд. Мудрыя старцы не маглі сабрацца — двое з іх па старасьці зьляглі і ледзь ліпелі. Таму, нягледзячы на згоду Альгерда і высілкі Бурылы і Нары, справа пакуль ня рухалася.

Вялікі князь шкадаваў, што Кумец занатурыўся і сам, як муха, палез у сьмяротнае павуціньне багіні сьмерці Марэны, замест таго каб голасна пакаяцца ды пасьля патаемна насіць свой крыж. Альгерд сам зрабіў бы менавіта так. Усё жыцьцё ён, як і ягоны бацька, мусіў выбірацца з найцяжэйшых сітуацый і ўзважваць ня сэрцам, а розумам. А хіба і Міндоўг не хістаўся ўсё жыцьцё паміж язычніцтвам і праваслаўем, паміж каталіцтвам і наваградскімі баярамі? Калі ты гуляеш у хованкі са сьмерцю і няслаўем, палюючы на ўдачу і ўладу, мусіш чуйна сачыць за кожным павевам ветру, за шэптам каласкоў на полі і за здрадніцкім бляскам нібыта прыхільных да цябе вачэй.

А пасьля ён зноў вяртаўся думкамі да тых дзён, якія правёў разам са сваёй княгіняй. І вынікала — мала было тых дзён, агурных і бесклапотных. Усё захілялі доўгія, моташныя гадзіны ў сядле, пад сьнежнай завеяй ці сякучым ліўнем, налогі на ворагаў ды змаганьні, а паміж імі — цянёты для непрыяцеляў і намаганьні, каб не зацягнулі ў цянёты цябе самога. Колькі памятае сябе: то пры бацьку адбіваліся ад Полюша, за якім стаяў сам вялікі магістр Карл Трырскі, то зусім нядаўна — ад сьмяротных інтрыг хана Узьбека ды крыжакоў, ад сварак Цьверы і Масквы. А ён, гаспадар Вільні, — у цэнтры тых сварак. Старэйшая сястра Марыя была за цьвярскім князем Міхаілам, па-здрайску забітым у Залатой Ардзе з-за даносаў маскоўскага князя Юрыя. Пасьля ягоны наступнік Іван Каліта заліў Цьвер крывёй і за тое атрымаў ярлык на вялікае княжаньне ад татар. Сястра Аўгуста за Сімяонам Гордым, старэйшым сынам гэтага прагнага і подлага Каліты, з-за якога восем гадоў таму паклаў у той жа Залатой Ардзе сваю галаву Аляксандр Міхайлавіч з сынам Хведарам. І зараз Каліта цягне сквапныя лапы свае да Цьвярскога княства, ды Цьвер пакуль не здаецца маскоўскай ганарлівай і па-азіяцку вераломнай уладзе. Шукае падтрымкі ўсюды, а найперш тут, у Вільні, у крывічоў, аднапляменьнікаў. Гатовая прапанаваць яму, вялікаму князю, нявесту, — ужо з таго часу, як занядужыла Марыя, сачыліся ў гаворках паслоў намёкі на прыгажуню Юльяну, дачку Аляксандра Міхайлавіча. Узяўшы яе, ён умацаваў бы сувязі з Цьвярскім Княствам, і, магчыма, яны разам адолелі б Маскву, а землі разам з іншымі маглі б некалі стаць часткаю Вялікага Княства…